Skip to main content

Фестываль “Novafest” пройдзе ва Уселюбе

nowafest 16

У суботу 2 жніўня ў парафіі святога Казіміра ва Уселюбе (Навагрудскі дэканат, вул. Чырвонаармейская, 20) адбудзецца фестываль-рэкалекцыі “Novafest”.

Ён пройдзе ў пяты раз, сёлета пад дэвізам “Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце” (1 Тэс 5, 16-18).

Арганізатары фестывалю адзначаюць: “Свет не заўсёды спрыяе таму, каб “заўсёды радавацца” і “за ўсё дзякаваць” – асабліва ў цяжкія часы, калі хварэюць і паміраюць блізкія, калі мы бачым несправядлівасць і беззаконне. І нават маліцца хаця б паўгадзіны ў дзень не так проста, што ўжо казаць аб няспыннай малітве. Усё жыццё хрысціяніна павінна быць пабудавана вакол бесперапыннай малітвы з падзякай, бо падзяка – адзін з найважнейшых слупоў нашай веры. Але, ведаючы гэта, мы часта адчуваем, што наша падзяка нейкая натужная і няшчырая, быццам мы проста не хочам засмучаць Пана. Часам адчуваецца, што падзякі ўжо не засталося, а толькі крыкі душэўнага ці фізічнага болю. Што ж адбываецца з нашай верай у такія моманты?”

Па словах арганізатараў, на фестывалі знайсці адказы на гэтыя і іншыя пытанні дапамогуць спікеры – айцы Віктар Мялешка OFMConv з парафіі Безаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ва Удзеле і Аркадзь Куляха OCD з парафіі Адведзін Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі. Духоўным кіраўніком фестывалю будзе кс. Віталій Цыбульскі.

Удзельнікам абяцаюць утульную атмасферу, прыгожыя спевы, супольную малітву, сведчанні і цікавыя сустрэчы з вернікамі розных парафій Беларусі і не толькі. Да малодшых удзельнікаў плануюць паставіцца з асаблівай увагай – паабяцаны пляцоўкі для гульняў і заняткі, у межах якіх яны змогуць не толькі забаўляцца, але і вучыцца асновам веры.

“Фестываль становіцца месцам не толькі для святкавання веры, але і для перадачы традыцый і каштоўнасцяў ад пакалення да пакалення, – кажуць арганізатары. – Дзеці адыгрываюць асаблівую ролю: іх удзел у фестывалі напаўняе яго асаблівым сэнсам і радасцю, садзейнічаючы стварэнню супольнасці, дзе ўсе аб’яднаны адной мэтай – праслаўлення Бога і ўмацавання ўзаемных сувязей. Гэта ўнікальны досвед, які пакідае незабыўныя ўражанні і фармуе ў дзяцей пачуццё прыналежнасці да большага цэлага”.

У межах сёлетняга фестывалю – пятага, юбілейнага – дзяцей і моладзь запрашаюць узяць удзел у мастацкім конкурсе малюнкаў на тэму падзякі. Работы будуць ацэнены кампетэнтным журы, якое вызначыць пераможцаў ва ўзроставых катэгорыях.

Малюнкі ўзяць з сабой на фестываль і перадаць арганізатарам падчас рэгістрацыі.

Праграма фестывалю:

10:00 – рэгістрацыя

11:00 – святая Імша

13:00 – канферэнцыя “Tota pulchra es, Maria” (“Уся прыгожая Ты, Марыя”) (а. Віктар Мялешка)

14:00 – абед, вольны час

15:00 – малітва спевам каля алтара Маці Божай Новага Жыцця

15:30 – канферэнцыя “Велічае душа Мая Пана: Марыйны погляд на ўдзячнасць” (а. Аркадзь Куляха)

17:00 – сведчанні

19:00 – Крыжовы шлях

20:30 – Ружанец і адарацыя

22:00 – благаслаўленне

Рэгістрацыя на сайце фестывалю  або па тэлефоне: +375 29 124 07 39 (Telegram, Viber) – Ірына.

Арганізатары прапануюць перавозку ўдзельнікаў па маршрутах Мінск – Уселюб – Мінск і Гродна – Уселюб – Гродна.