У суботу 8 лістапада ў касцёле Адшукання Крыжа Пана ў Астраўцы адбудзецца святая Імша з нагоды першай гадавіны смерці кс. Андрэя Горбача, які быў пробашчам гэтай парафіі.
Пачатак у 12.00. Супольна памаліцца аб жыцці вечным для спачылагa запрашаюцца ўсе ахвотныя – духавенства, законныя сёстры, свецкія вернікі.
Ксёндз Андрэй Горбач нарадзіўся 23 кастрычніка 1974 г., паходзіць з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі. Паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне ў 1992 г., 12 снежня 1998 г. у гродзенскай катэдры прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Быў вікарыем лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе, з 1999 г. – вікарыем гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя, з 2000 г. – адміністратарам парафіі св. Арханёла Міхала ў Няцечы (Лідскі дэканат), з 2003 г. – адміністратарам, а затым пробашчам парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні.
З 2011 г. да смерці быў пробашчам парафіі ў Астраўцы. Адышоў у вечнасць 1 лістапада 2024 г., пахаваны ля астравецкага касцёла.