З 31 мая па 13 верасня ў касцёлах Навагрудка і Іўя пройдуць канцэрты ў межах V Фестывалю акадэмічнай арганнай музыкі “Ars Magna Organi”.
Фестываль праводзіцца з 25 мая па 28 верасня, канцэрты ў яго межах пройдуць таксама ў іншых дыяцэзіях: у Пінску, Лагішыне, Ружанах, Мядзведзічах, Іванаве. Уваход на ўсе канцэрты вольны.
Папярэднія фестывалі прайшлі ў 2019 (29 канцэртаў), 2022 (54 канцэрты), 2023 (33 канцэрты) і 2024 (56 канцэртаў) гадах. Сёлета фестываль будзе складацца ў цэлым з 68 канцэртаў, якія будуць выкананы на пяці гістарычных беларускіх арганах, адным сучасным і адным электрааргане.
У межах фестывалю восем канцэртаў акадэмічнай ансамблевай музыкі пройдуць з 31 мая па 13 верасня ў касцёле св. Арханёла Міхала ў Навагрудку (вул. Міцкевіча, 1) на гістарычным аргане канца XIX стагоддзя; арганізатар – Навагрудскі раённы выканаўчы камітэт. Чатыры канцэрты пройдуць з 28 чэрвеня па 15 жніўня ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі (вул. К. Маркса, 51) на гістарычным аргане Фрыдрыха Вайсэнборна 1899 года; арганізатар – Іўеўскі раённы выканаўчы камітэт.
Аўтар і мастацкі кіраўнік фестывалю – Аляксандр Бурдзялёў.
Праграма канцэртаў у Навагрудку
31 мая (субота), 19:00
Анастасія Бруянкова (Мінск) – арган, Юлія Бігун (Мінск) – вакал, Лізавета Усаевіч (Мінск) – вакал
14 чэрвеня (субота), 19:00
камерны ансамбль (Мінск): Аляксандра Машуціна (арган), Сафія Голуб (скрыпка), Вольга Булахава (віяланчэль), Булахаў Стэфан (віяланчэль), Булахаў Мірон (скрыпка)
28 чэрвеня (субота), 19:00
Кацярына Нікалаева (Мінск) – арган, Вера Фокіна (Мінск) – флейта
12 ліпеня (субота), 19:00
Вераніка Багдановіч-Язвінская (Віцебск) – арган, Аляксандра Палятаева (Віцебск) – флейта
26 ліпеня (субота), 19:00
Кацярына Іванова (Віцебск) – арган, Юлія Бурдзялёва (Мінск) – вакал
16 жніўня (субота), 19:00
Аляксандр Мігура (Мінск) – арган, Паліна Морава (Мінск) – скрыпка
30 жніўня (субота), 19:00
Інна Шпілеўская (Наваполацк) – арган, Алена Веліч (Баранавічы) – віяланчэль
13 верасня (субота), 19:00
Варвара Царук (Мінск) – арган, Аліна Злебава (Мінск) – вакал
Звесткі пра арган, на якім будуць праходзіць канцэрты ў навагрудскім касцёле: 6/I, Іосіф Радовіч (?), кан. XIX ст. – пач. XX ст. Арган мае тыповыя рысы арганабудаўніцтва канца XIX стагоддзя; па некаторых характэрных дэталях можна вывесці неабгрунтаваную гіпотэзу, што ён быў зроблены самым пладавітым віленскім майстрам свайго часу Іосіфам Радовічам. Арган паходзіць з драўлянага касцёла канца XVII стагоддзя ў вёсцы Ельня (Лідскі р-н), які пасля Другой сусветнай вайны быў закрыты і разабраны. Арган праляжаў шмат гадоў у хляве, пакуль кс. Антоні Дзям’янка, цяперашні біскуп Пінскі, не адвёз яго ў фарны касцёл у Навагрудку, дзе затым арган захоўваўся, перш чым быў усталяваны ў падамініканскім касцёле. Адзін з самых маленькіх гістарычных арганаў Беларусі; па сваіх тэмбравых і акустычных якасцях выдатна пасуе да ансамблевага выканальніцтва.
Праграма канцэртаў у Іўі:
28 чэрвеня (субота), 16:30
Калініка Мядзведзева (Мінск) – арган, Вольга Федарынчык (Мінск) – скрыпка
26 ліпеня (субота), 16:30
Анастасія Бруянкова (Мінск) – арган, Юлія Бігун (Мінск) – вакал, Лізавета Усаевіч (Мінск) – вакал
9 жніўня (субота), 19:00
Арына Цытлянок (Беларусь / Гент, Бельгія) – арган, траверса; Юлія Бурдзялёва (Мінск) – арган, вакал
15 жніўня (пятніца), 16:30
Марыя Бельцюкова (Мінск) – арган, Мікіта Бельцюкоў (Мінск) – гітара
Звесткі пра арган, на якім будуць праходзіць канцэрты ў іўеўскім касцёле: 12/I/P Friedrich Weissenborn (Jacobstadt), 1899. Арган зроблены ў 1899 годзе Фрыдрыхам Вайсэнборнам, арганабудаўніком родам з Цюрынгіі. У 1868 годзе ён адкрыў майстэрню ў Якабштадце (сучасны Екабпілс, Латвія), усяго зрабіў каля 85 арганаў, з якіх захаваліся 28: 15 – у Літве, 9 – у Латвіі, 3 – у Беларусі, 1 – у Эстоніі. Інструмент мае мяккія рамантычныя рэгістры, якія вылучаюцца высокай якасцю і шырокім сакавітым гукам, у спалучэнні з добрымі акустычнымі якасцямі трохнававага касцёла ствараюць аб’ёмную гукавую карціну.