Рух “Сужэнскія сустрэчы” запрашае на рэкалекцыі, якія пройдуць з 9 па 11 мая ў Росі. Да ўдзелу запрашаюцца сем’і і духоўныя асобы з Гродна, Гродзенскай вобласці і ўсёй Беларусі.
Колькасць месцаў абмежаваная, таму папярэдні запіс абавязковы.
Удзел у рэкалекцыях дазваляе аднавіць эмацыйную блізкасць, абнавіць пачуцці, знайсці новыя шляхі да глыбейшага паразумення, выйсці з крызісу або закласці трывалую аснову для маладых адносін, дае ўнікальную магчымасць зірнуць адно на аднаго новымі вачыма і зноў адчуць радасць прабывання разам.
У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужэнцаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме. Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жывуць у касцёльным шлюбе.
Пачатак рэкалекцый у пятніцу 9 мая ў 18.00, заканчэнне – у нядзелю 11 мая каля 15.00.
Адрас правядзення рэкалекцый: Гродзенская вобл., Ваўкавыскі р-н, г/п Рось, вул. Чырвонаармейская, 12, рэкалекцыйны дом “Голас Айца”.
Запіс па тэлефоне: +375 29 652 11 44
Арганізатары рэкалекцый распавядаюць пра гэтыя духоўныя практыкаванні так: “У сучасным свеце мы часта чуем пра сужэнскія і духоўныя адносіны ў самых розных інтэрпрэтацыях. Часам нават падглядваем за жыццём іншых пар у Instagram ці іншых сацыяльных сетках… Але галоўнае пытанне – як нам клапаціцца пра адносіны менавіта ў нашай сям’і? Якія першыя, але канкрэтныя крокі мы можам зрабіць у той рэальнай сітуацыі, у якой знаходзімся?
Рэкалекцыі па ўнікальнай праграме руху “Сужэнскія сустрэчы” дапамогуць не толькі сфармуляваць свой асабісты план аднаўлення і ўмацавання адносін, але і зрабіць першыя крокі да яго ўвасаблення ў рэальным жыцці.
Сучасны тэмп жыцця – з яго спешкай, стрэсам, хатнімі і працоўнымі клопатамі – часта не пакідае месца для глыбокіх і цёплых адносін. Патрэбы аднаго чалавека застаюцца не пачутымі іншым, эмацыйны кантакт слабее, і часам здаецца, што хоць мы і жывём разам, але як бы кожны асобна.
Рух “Сужэнскія сустрэчы” прапануе вырвацца з гэтай паўсядзённай плыні і зазірнуць глыбей у свае адносіны. Праз рэкалекцыі ўдзельнікі атрымліваюць канкрэтны, практычны інструмент для аднаўлення і паглыблення сужэнскай сувязі, паляпшэння кантакту з дзецьмі, блізкімі і іншымі людзьмі.
З чаго пачаць? Як выбудаваць індывідуальны план аднаўлення, умацавання або паглыблення сямейных адносін? Якія першыя крокі варта зрабіць, каб змяніць сітуацыю да лепшага? Рэкалекцыі дапамогуць не толькі знайсці адказы на гэтыя пытанні, але і адразу ж пачаць дзейнічаць. Дыялог стане галоўным інструментам, які дапаможа напоўніць адносіны цяплом, узаемнай павагай, разуменнем і радасцю.
Нашыя сем’і нарадзіліся, каб быць шчаслівымі! Запрашаем выкарыстаць гэтую магчымасць!”
Асабліва каштоўнымі гэтыя рэкалекцыі стануць для сужэнцаў, якія перажываюць складаны перыяд у адносінах і шукаюць выйсця, нават калі надзея амаль згасла; сем’яў, у якіх моцныя адносіны, але якія імкнуцца развіваць і паглыбляць іх; маладых сем’яў, якія толькі пачынаюць сумесны шлях і імкнуцца закласці трывалы падмурак для будучыні; духоўных асобаў, якія адчуваюць патрэбу ў аднаўленні і паглыбленні сваёй сувязі з Богам і блізкімі.
Некалькі сведчанняў удзельнікаў:
“За гады сужэнства мы праводзілі вельмі мала часу разам. Уся наша ўвага аддавалася дзецям... Мы з мужам аддаліліся, у адносінах з’явілася халоднасць. Але менавіта зараз, у патрэбны час, мы трапілі на гэтыя рэкалекцыі – і гэта стала для нас сапраўдным пераломным момантам. Мы пераасэнсавалі так шмат, быццам зноў адкрылі адно аднаго. Ад’язджаем з жаданнем працягваць працаваць над адносінамі, маем шмат планаў і натхнення на будучыню”.
“Замест хвалявання і турботы, якія я адчуваў у пачатку рэкалекцый, прыйшла цікавасць: “Што ўсё ж такі насамрэч адбываецца ў нашым сужэнстве?” Я атрымаў адказы на свае пытанні, зразумеў, што гатовы працаваць над адносінамі, каб наша адзінства было яшчэ мацнейшым. З’язджаю дадому з радасцю, энтузіязмам, адчуваннем, што добра паклапаціўся аб нашых адносінах, з вялікім жаданнем далей працаваць над імі для сябе, нас, нашых дзяцей”.
“З’язджаю з усведамленнем, што мой дыялог змяніўся. Раней я быў вельмі скупы на ўвагу, пачуцці і іх выраз у адносінах да жонкі. За гэтыя тры дні я ўбачыў свой рост – было вельмі лёгка і проста дзяліцца сабой сапраўдным”.
“У мяне атрымалася паглядзець на мужа з новага боку, раней мне невядомага. Я адчула, наколькі ён мне важны. Прайшло ўсяго тры дні, а я стала адчуваць зусім іншую ступень блізкасці ў сужэнстве. Рэкалекцыі па-сапраўднаму закранулі струны маёй душы”.
“Здавалася б, за дваццаць пяць гадоў сужэнскага жыцця ўсё сказаў, усё ўбачыў, але не... Пасля трох дзён рэкалекцый глядзім адно на аднаго іншымі вачыма”.