Skip to main content

У Навагрудку адбудзецца малітоўнае чуванне-адарацыя ў інтэнцыі абрання новага Папы

ng 36-7 мая ў парафіі св. Арханёла Міхала ў Навагрудку адбудзецца малітоўнае чуванне-адарацыя ў інтэнцыі выбару новай галавы Каталіцкага Касцёла. На чуванне запрашаецца кожны, хто неабыякава ставіцца да абрання новага Рымскага Папы.

На чуванні будуць маліцца аб тым, каб новы наступнік святога апостала Пятра меў непахісную веру і адвагу вырашаць праблемы Касцёла і свету, адказваць на выклікі цяперашняга неспакойнага часу і мужна весці народ Божы да збаўлення ў Хрысце. Малітва будзе ўзносіцца таксама ў інтэнцыі кардыналаў, якія выбіраюць Папу, аб дары Духа мудрасці для іх падчас выбараў.

Праграма:

6 мая

19:30 – прыбыццё, вячэра

20:15 – увядзенне ў малітву (праводзіць кс. Тадэвуш Крыштопік)

21:00 – святая Імша

22:00 – пачатак чування

7 мая

7:00 – святая Імша на завяршэнне начнога чування; на заканчэнне – спеў “Цябе, Бога, праслаўляем”

8:00-18:00 – працяг чування ў капліцы Святога Духа рэкалекцыйнага дома Арханёла Міхала

Каб замовіць начлег і пасілкі, звяртацца па тэлефоне: +375 44 771 99 83 Марына

Малітва аб выбары новага Пантыфіка мае вялікае значэнне для вернікаў-католікаў, таму што ён з’яўляецца бачным сімвалам адзінства сям’і дзяцей Божых, галавой гэтай сям’і і намеснікам Хрыста на зямлі. Рымскі Папа мае вялікае значэнне ў вызначэнні духоўнага і маральнага вектару Касцёла, інтэрпрэтацыі вучэння Хрыста і ўсяго Святога Пісання, а таксама адыгрывае вялікую ролю ў захаванні адзінства паміж вернікамі. У час выбараў Папы Паўсюдны Касцёл праяўляе малітоўнае адзінства і салідарнасць, духоўна яднае вернікаў і паказвае, што рашэнні прымаюцца не толькі чалавечымі поглядамі, але перш за ўсё Божай воляй, таму Касцёл натхнёны верай, што сам Дух Святы клапоціцца пра гэты выбар.