Skip to main content

100-годдзе існавання Кангрэгацыi Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса aдзначаць у Адамавічах

IMG 010814 жніўня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат) адзначаць юбілей 100-годдзя з часу заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса.

Урачыстую Эўхарыстыю падзякі за 100 гадоў існавання кангрэгацыі і 30 гадоў служэння кармэлітак у Беларусі ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Пачатак Імшы ў 12.00.

Перад Эўхарыстыяй адбудзецца прэзентацыя кангрэгацыі.

Сёстры кармэліткі запрашаюць усіх жадаючых да ўдзелу ў малітве, каб падзякаваць Богу за вялікі дар заснавання іх супольнасці.

Кангрэгацыя Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса была заснавана а. Анзэльмам Гондэкам OCD у Сасноўцы ў Польшчы 31 снежня 1921 г. Айцец Анзэльм адчуў у сэрцы Божы заклік, каб акрамя ўжо існуючага Ордэну Сясцёр Кармэлітак Босых, якія жывуць і моляцца, працуюць і служаць Богу ў сціслай клаўзуры, заснаваць супольнасць кармэлітак, якія б жылі рэгулай гэтага ордэну, але служылі, маліліся і працавалі сярод людзей.

З прапановай заснавання новай галіны ордэну а. Анзэльм звярнуўся да Яніны Керацінскай, якая адчувала пакліканне да манаскага жыцця ў кармэліцкай харызме. Яна згадзілася, давяраючы Богу сваё жыццё, прынесла манаскія абяцанні і атрымала імя Тэрэза ад св. Юзафа. Неўзабаве з’явіліся пакліканні ў новую супольнасць. Сёстры сустракаліся са шматлікімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі, але Бог быў побач.

Айцец Анзэльм Гондэк назваў супольнасць Кангрэгацыяй Сясцёр Кармэлітак Дзіцяткі Езуса і заахвочваў наследаваць цноты Дзіцяткі Езуса. Жыццё сясцёр нагадвала жыццё Святой Сям’і з Назарэта – убогае, простае і цалкам даверанае Божаму Провіду.

У якасці заданняў у харызме супольнасці было вызначана служэнне ўбогім і найбольш патрабуючым, катэхізацыя дзяцей і моладзі, дапамога ў сакрыстыі, служэнне арганісткі, выхаванне дзяцей у дзіцячым садку, праца з дзецьмі-інвалідамі і шматлікія хатнія працы пры кляштары.

У сотую гадавіну заснавання кангрэгацыі прыпадае таксама 75-годдзе адыходу ў вечнасць сузаснавальніцы гэтай манаскай сям’і Слугі Божай Тэрэзы ад св. Юзафа, Яніны Керацінскай.