
Сястра Наталля з Ліды пазнаёміла моладзь з асобай св. Ізідора. Гэта быў свецкі чалавек, які жыў паводле прынцыпу: “Маліся і працуй, а Бог табе дапаможа”. Сястра Наталля таксама нагадала, што чалавек – гэта Божае стварэнне, якое складаецца з цела і душы. Душа чалавека бессмяротная, вольная і разумная. Хрыстус даў нам шанец для збаўлення душы. А дапамагаюць нам у гэтым Сем святых сакрамэнтаў.
Затым айцец Андрэй з Гродна-Дзевятоўкі распавёў аб св. Францішку Ксавэрым. 46-гадовы шлях да святасці айца Францішка прайшоў праз Індыю і Японію і прыпыніўся па дарозе ў Кітай. Айцец Андрэй заклікаў маладых людзей на прыкладзе св. Францішка Ксавэрыя ісці ў наша грамадства ў якасці місіянераў.
Сястра Мірыям і сястра Летыцыя пазнаёмілі моладзь з асобай св. Тэрэзы з Авіла. Св. Тэрэза ўступіла ў ордэн сясцёр кармэлітак. Яна мела візію – бачыла сябе ў пекле. Пасля гэтага сястра Тэрэза з дапамогай св. Яна ад Крыжа рэфармавала закон і змяніла жыццё кляштара на больш суровае. Пасля гэтага сёстры кармэліткі сталі жыць і маліцца ў супольнасцях да 12 чалавек, каб кожная сястра магла больш увагі і часу ўдзяляць працы над сабой. Каб пачуць і змяніць сваё жыццё, патрэбна цішыня.
Кс. Уладзіслаў распавёў аб св. Ігнацым Лайолу. Св. Ігнацы быў цяжка паранены і доўга лячыўся. Падчас лячэння св. Ігнацы чытаў Святое Пісанне і шмат над ім разважаў. Ён вырашыў пабываць у Святой Зямлі. Пасля гэтага ён пайшоў вучыцца. Ігнацы Лайола стаў святаром толькі ў 46 гадоў. Разам з Францішкам Ксавэрым яны заснавалі Таварыства Езуса (ордэн езуітаў). Кс. Уладзіслаў заклікаў маладых людзей менш часу губляць на забаву, а больш чытаць Святое Пісанне.
Пасля кожнай катэхэзы ўся моладзь падымалася з месцаў і разам з гуртом “Айрэнэ” спявала песні на розных мовах: “Я люблю тебя, Господь”, “Taki duży, taki mały może świętym być” і іншыя.
Пятую катэхэзу правёў кс. Андрэй. Ён распавёў аб св. Ружы, якая вучыць нас правільна выкарыстоўваць свой час. Яна памерла ва ўзросце 30 гадоў і была абвешчана святой. Святар заўважыў, што неабавязкова пражыць доўгае жыццё, каб толькі пад старасць заслужыць славу Справядлівага. Трэба адкрыць для сябе прыгажосць малітвы.
Аб навуцы св. Яна ад Крыжа расказаў кс. Юрый. Св. Ян вучыць малітве, адказнасці за Касцёл і любові да яго.
Кс. Юрый з Гродна-Катэдры раскрыў таямніцу малітвы св. Рафаэля Арана, які гаварыў так: “Божа, забяры ад мяне мяне і дай (мне) Сябе”. “Даверце сябе Хрысту, няхай Ён гаворыць замест вас”, – падагульніў кс. Юрый.
Сястра Алена з Ліды правяла катэхэзу аб бл. Яне Паўле ІІ. Яна распавяла аб жыцці Караля Вайтылы, звярнула ўвагу на тое, што Ён захаваў у сабе веру і заклікаў аддаваць усяго сябе Богу. Сястра Алена сказала, што не трэба абмяжоўваць сваю веру сценамі касцёла, трэба яе несці ў грамадства, людзям.