4 па 6 студзеня, падчас зімовых канікул, у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для юнакоў пад назвай “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць... (Лк 2, 10)”.
Гэты час, які правялі хлопцы ў сценах семінарыі, стаў добрай нагодай для таго, каб яшчэ глыбей пазнаць саміх сябе, аднавіць сувязь з Хрыстом і зразумець тое, што Бог для кожнага чалавека падрыхтаваў асабісты і непаўторны шлях да святасці.
Кульмінацыйным момантам апошняга дня рэкалекцый стала святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Трэба зазначыць, што іерарх, нягледзячы на шматлікія штодзённыя абавязкі, ніколі не ўпускае магчымасці сустрэцца з юнакамі, каб умацаваць у іх прагненне наследаваць Хрыста і дапамагчы паглыбіцца ў сэнс жыццёвага паклікання.
Пасля супольнай малітвы і сустрэчы ў групах адбылася інтэлектуальная гульня, у якой былі задзейнічаны амаль усе ўдзельнікі рэкалекцый. Падрыхтаваныя пытанні датычыліся не толькі рэлігійнага жыцця, але і літаратуры, хіміі, матэматыкі, гісторыі, мастацтва і г. д. Адказ на многія пытанні залежаў ад логікі і кемлівасці ўдзельнікаў.
Арганізатары сустрэчы маюць надзею, што час, праведзены ў сценах “Alma Mater”, пакіне пасля сябе невыказны духоўны досвед у жыцці юнакоў, якім яны шчодра будуць дзяліцца ў сваім штодзённым асяроддзі. Таксама яны спадзяюцца, што некаторыя з іх адкажуць на заклік Хрыста, які кліча да служэння ў Касцёле.
Яўген Амасёнак, семінарыст