Skip to main content

Дзень засяроджання законных сясцёр у Гродне: загарэцца іскрой Хрыстовай любові

siostry brygidki 912 лістапада, у літургічны ўспамін св. Язафата Кунцэвіча, адбыўся дзень засяроджання для законных сясцёр, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.

Манахіні сустрэліся ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне. У межах сустрэчы яны выслухалі канферэнцыю, з якой да іх звярнуўся а. Антоні Пажэцкі OFMConv. Святар адзначыў, што Езус кліча людзей да служэння ў сваім Касцёле і на гэтым шляху кожнаму спадарожнічае са сваёй любоўю і прабачэннем.

Па словах а. Пажэцкага, нельга будаваць адносін з Богам на страху, а іх асновай павінна стаць любоў. Францішканін падкрэсліў, што трэба кожны дзень ахвяроўваць сваё сэрца, рукі, вушы і вочы Богу, каб Ён напаўняў усё гэта сваёй прысутнасцю.

Быў таксама час на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. У індывідуальнай малітве сёстры дзякавалі Пану за ласку паклікання і прасілі патрэбных сіл для вернага выканання сваіх штодзённых абавязкаў у катэхізацыі, у парафіяльных супольнасцях, дзе яны служаць.

Вянцом дня засяроджання стала святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што ад кожнага, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, залежыць яго сённяшні і заўтрашні дзень, а асабліва залежыць ён ад духоўных асобаў.

siostry brygidki 8

Па словах біскупа, на ўзор св. Язафата, якога Касцёл узгадвае ў гэты дзень, трэба стаць сувязным звяном, якое нанова злучае людзей, што жывуць у разладах і сварках.

Іерарх падкрэсліў таксама важнасць такіх сустрэч, якія з’яўляюцца “духоўным прыпынкам”, каб напоўніцца Хрыстом, нанова загарэцца іскрой Яго любові, каб далей несці яе ў свет.

Сустрэча законных сясцёр завяршылася супольным абедам у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі.

Kс. Юрый Марціновіч