Skip to main content

У Заневічах ушанавалі бл. Цэліну Бажэнцкую

zanewiczy1327 кастрычніка ў парафіi Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Язафата ў Заневічах (дэканат Вялікая Бераставіца) адбылася ўрачыстасць, падчас якой шматлікія прысутныя вернікі маліліся праз заступніцтва благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай.

Маліліся таксама аб хутчэйшай кананізацыі благаслаўлёнай і аб беатыфікацыі яе дачкі слугі Божай Ядвігі.

Касцёл узгадвае бл. Цэліну Бажэнцкую 26 кастрычніка.

Цэліна і Ядвіга Бажэнцкія, маці і дачка, з’яўляюцца заснавальніцамі супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак. Кангрэгацыя Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста была заснавана ў Рыме ў 1891 годзе.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які паходзіць з гэтай парафіяльнай супольнасці. Іерарх заахвоціў вернікаў да ўдзячнасці Богу за тое, што дае яскравыя ўзоры для наследвання, якімі з’яўляюцца святыя і благаслаўлёныя нашай зямлі. Па яго словах, наша зямля дала шмат святых і мучанікаў, якія сёння сваім прыкладам прамаўляюць да чалавека.

Біскуп заклікаў усіх прысутных стаць па прыкладзе бл. Цэліны на шлях святасці, якім з’яўляецца сумленнае штодзённае жыццё і крочанне дарогай, вызначанай Богам.

Пасля Імшы сабраныя вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі сваёй благаслаўлёнай зямлячкі.

Затым парафіяне на чале з іерархам і пробашчам кс. Русланам Мазанам скіраваліся ў Абрэмшчынy каля Заневіч, на месцa былога маёнтка, дзе ў 1853 г. Цэліна выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага і пераехала туды. Менавіта там у Бажэнцкіх нарадзілася чацвёра дзяцей, двое з якіх памерлі ў маленстве. Там Бажэнцкія былі вядомыя сваёй дабрачыннай дзейнасцю. Цэліна неаднойчы аказвала матэрыяльную дапамогу бедным сем’ям, яе дочкі вучылі дзяцей катэхізісу, пісаць і чытаць.

Сёння ў гэтым месцы стаіць пабудаваная ў гонар бл. Цэліны невялікая капліца, у будоўлю якой укладзены сімвалічны камень з былога маёнтка Бажэнцкіх.

Хочацца пажадаць, каб благаслаўлёная Цэлінa Бажэнцкая выпрошвала ў Бога для жыхароў нашай зямлі, асабліва для жонак і маці, патрэбныя дары і ласкі і была ўзорам і заступніцай для ўсіх.

Kс. Юрый Марціновіч