Skip to main content

Гуральская капэла “Tekla Klebetnica” завяршыла свой тур па Беларусі

tekla klebetnica 12Kанцэртам у гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) гуральская капэла “Tekla Klebetnica” з Польшчы завяршыла свой тур па Беларусі.

Апошні канцэрт з нагоды 40-годдзя абрання Караля Вайтылы на Святы Пасад адбыўся 21 кастрычніка. У Беларусі капэла дала сем канцэртаў: у Мінску, Магілёве, Віцебску, Міёрах, Глыбокім і два ў Гродне.

Гурт “Tekla Klebetnica” выступаў у Беларусі як трыо ў складзе: Зыгмунт Чупрын (кіраўнік капэлы і акардэаніст), Ганна Чупрын (вакал і скрыпка), Станіслаў Дудэк (кантрабас).

tekla klebetnica 2

Пакідаючы нашу краіну, артысты прызналіся, што знаходзяцца пад вялікім уражаннем. У вялікіх гарадах, як заўважылі яны, на першым плане выступае манументальнасць і велічнасць збудаванняў: касцёлаў, цэркваў, замкаў, урадавых і культурных будынкаў.

“Падчас падарожжа па Беларусі гэтая краіна захапіла нас сваёй прыгажосцю, бездакорнай чысцінёй, цудоўнымі краявідамі і некранутымі тэрыторыямі, не скажонымі прыдарожнымі білбордамі і назойлівымі рэкламамі”, – кажа Ганна Чупрын, дадаючы, што можна было спакойна любавацца колерамі восені, якая парадавала іх у гэтым падарожжы сонечным надвор’ем.

Па словах Зыгмунта Чупрына, найбольшую прыемнасць яны, аднак, атрымалі ад сустрэч з людзьмі, з якімі змаглі пазнаёміцца. “Сваёй апекай атачыла нас мноства добрых душ, кожны аказаў нам шмат цеплыні, сардэчнасці і дапамогі. Усё прабыванне тут і ўсе канцэрты былі добра арганізаваны і ўсюды была цудоўная аўдыторыя, якая выражала сваю ўзрушанасць і падтрымку нашай супольнасці”, – адзначае кіраўнік капэлы.

Удзельнікі гурта незвычайна ўдзячныя за магчымасць пазнаёміцца з нашай краінай і даць канцэрты ў гістарычных касцёлах з нагоды 40-годдзя абрання Папы Яна Паўла ІІ і абяцаюць, што ў будучыні яшчэ вернуцца ў Беларусь.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Аляксандр Сергеюк