Skip to main content

“Асветленая промнямі мацярынства”

Яна вядзе, Яна раіць, Яна спрыяе, Яна абараняе, бо для нас Яна адкрывае сваё мацярынскае сэрца і, стараючыся дзеля нашага збаўлення, клапоціцца пра ўвесь чалавечы род. У гарадзенскай галерэі “Крыга” адкрылася выстава, прысвечаная Панне Марыі, Маці міласэрнасці і ласкі.
Вядомы гарадзенскі мастак Станіслаў Кічко прадставіў дванаццаць карцін, у якіх праз вобраз Найсвяцейшай Панны Марыі адлюстраваў светлы вобраз маці і веліч мацярынскай любові.
“Езус з Крыжа на Галгоце вызначыў Марыі заданне – быць Маці для ўсіх людзей. Тым самым Збаўца ўказаў усяму чалавецтву Марыю як надзейную дапамогу і найкарацейшы шлях да збаўлення, – гаворыць Станіслаў Кічка. – Таму ў сваіх працах тэму матчынай ласкі і любові я раскрыў праз прызму мацярынства Панны Марыі, якая няспынна аказвае ўсяму чалавецтву сваё спачуванне ў кожнай небяспецы, уціску, патрэбе, у складаных і пагрозлівых становішчах”.
Марыя Мацко, уласніца галерэі, у сваю чаргу зазначыла, што працы Станіслава Кічко выразна сведчаць аб тым, што мастак пісаў іх не толькі фарбамі, але таксама сэрцам і глыбокаю вераю.
“Ён здолеў паказаць розныя бакі тэмы мацярынства, такой пяшчотнай і драматычнай, узвышанай і тонкай”, – падкрэсліла Марыя Мацко.
Вернісаж адбыўся напярэдадні Вялікадня. Станіслаў Кічко прысвяціў сваю выставу чысціні і свету, што нясе гэтае вялікае свята, а таксама дзвюм іншым важным падзеям: 20-годдзю Гродзенскай дыяцэзіі і Хрышчэнню Польшчы.
Варта адзначыць, што Станіслаў Кічко перш за ўсё спецыялізуецца ў маляванні касцёлаў Гарадзеншчыны. Тэма аднаўлення, уваскрашэння і жыцця святыняў паступова стала яго жыццёвым арыенцірам, з якім звязаны індывідуальныя прэзентацыі апошніх гадоў. Мастак меў гонар перадаць свае працы Папу Яну Паўлу II, кардыналу Казіміру Свёнтэку, арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу і біскупу Аляксандру Кашкевічу.
Працы мастака будуць экспанавацца ў галерэі “Крыга” да 6 мая.