21 кастрычніка ў парафіі Св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні адзначылі адпустовую ўрачыстасць тытулу Касцёла. На супольнай малітве сабраліся шматлікія парафіяне, госці і жыхары горада.
Сабраных прывітаў кс. Яўген Учкуроніс, які ўпершыню як пробашч парафіі прысутнічаў на гэтай урачыстасці. Ён быў прызначаны пробашчам летам гэтага года.
Святую Імшу ўзначаліў а. Анатоль Ярошка OFMCap, пробашч парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне. Ён распавёў про постаць св. Яна Паўла ІІ, які, безумоўна, дапамагае будаваць у Смаргоні касцёл з цэглы, а таксама жывы Касцёл, які ўтвараюць самі вернікі.
У гэты дзень парафіяне асабліва маліліся аб тым, каб праз заступніцтва святога Папы-славяніна ў Смаргоні ўдалося пабудаваць новую святыню, фундамент якой ужо закладзены.
Пасля Імшы святкаванне працягнулася ў зале Цэнтра культуры. На сцэне перад шматлікімі гледачамі выступілі два музычныя гурты: „Ave” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і хрысціянскі дуэт „Laudans”.
Таксама прайшла бяспройгрышная латарэя, матэрыяльныя сродкі з якой былі прызначаны на будаўніцтва новага касцёла.
Даведка:
Парафія Св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні была створана ў 2012 г. 17 лістапада 2012 г. адбылося асвячэнне крыжа і пляцу пад будаўніцтва новага касцёла. 15 ліпеня 2013 г. біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў новую капліцу.
22 кастрычніка 2014 г., у літургічны ўспамін св. Яна Паўла ІІ, біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў фундамент будучага касцёла.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: shliah.by