
Пасля заканчэння рэкалекцый у інтэрв’ю для нашага партала кс. Андрэй падкрэсліў вялікі запал маладых людзей:
“Моладзь удзельнічала ў рэкалекцыях з вялікім запалам. Хаця іх магло б быць больш, напэўна, у Гродне значна больш каталіцкай моладзі. Але я вельмі ўзрушаны энтузіязмам і руплівасцю той моладзі, якая сабралася ў пабрыгіцкай святыні. Жадаю нашай моладзі, каб яна ўзяла штосьці для сябе з гэтых рэкалекцый. Мы маем за сабой ужо шмат розных рэкалекцый, але заўсёды мусім пытацца сябе, ці рэкалекцыі хоць крыху змянілі наша жыццё на лепшае. І менавіта гэтага – змены на лепшае – я жадаў бы нашай моладзі”.
У выказваннях пра тое, што ім найбольш запомнілася ў рэкалекцыях, маладыя людзі найчасцей казалі пра споведзь, падкрэсліваючы яе вялікую вартасць і заклікаючы маладых часцей прыступаць да сакраманту паяднання.
Кс. Антоні Грэмза, душпастыр акадэміцкай моладзі, выказаў спадзяванне, што перажытыя рэкалекцыі дадуць плён перад усім у апостальскай дзейнасці:
“Для нас вельмі важна, каб моладзь была актыўнай: верыла, паглыбляла веру, але была таксама актыўнай. Свету і маладому чалавеку патрэбна сёння сведчання, каб дзякуючы іх веры і дзейнасці іншыя маглі пазнаваць Бога і ведалі, што ў Касцёле можна быць шчаслівым і радасным, гэтак жа, як і рабіць шмат дабра іншаму чалавеку”.