8 кастрычніка ў межах кананічнай візітацыі Мастоўскага дэканату дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў у межах кананічнай візітацыі парафію Св. Ганны ў Лунне.
Іерарха прывіталі парафіяне перад гістарычнай святыняй, якая была пабудавана ў 1782 г. на ахвяраванні апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і асвечанa ў 1785 г. пад тытулам св. Ганны.
Біскуп узначаліў Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці аб дары жывой веры для ўсіх парафіян. Таксама ён агарнуў малітвамі тых, хто ўжо скончыў зямную пілігрымку.
У сваім пастырскім слове іерарх заклікаў вернікаў трываць у еднасці з Хрыстом, бо гэтая еднасць – умова плённасці нашага жыцця, а праз гэта і аддання Богу Айцу належнай хвалы. Біскуп патлумачыў, што трываць з Хрыстом – значыць захоўваць Божыя запаведзі, рабіць тое, што падабаецца Богу.
Іерарх падзякаваў парафіянам за іх прывязанасць да Касцёла і вернасць Богу, а таксама за клопат аб сваёй святыні. Падзякаваў ён і шматгадоваму пробашчу парафіі кс. каноніку Люцыяну Радомскаму за штодзённае служэнне.
У супольнай малітве прынялі ўдзел шматлікія вернікі і святары Мастоўскага дэканату.
Kс. Юрый Марціновіч