Skip to main content

Сакрамэнт канфірмацыі ў францішканаў у Гродне: зрабіць свет лепшым

kanfirmacyja bp st104 кастрычніка ў парафіі Маці Божай Анёльскай (айцоў францішканаў) у Гродне падчас святой Імшы дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі удзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі. Гэты дзень для парафіяльнай супольнасці быў асаблівым, бо яна перажывала адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Францішка Асізскага.

Таму біскуп у сваёй гаміліі прысвяціў шмат месца гэтаму святому, прадставіўшы яго як узор для сучаснага чалавека. Іерарх нагадаў, што святы бядняк з Асізі паходзіў са шляхетнай сям’і, у яго быў багаты бацька, але матэрыяльныя даброты не засланялі для яго сутнасць жыцця. Як дадаў біскуп, Францішак шукаў сярод многіх дарог праўдзівую і знайшоў дарогу да Хрыста, які стаў яго адзіным багаццем.

Звяртаючыся да моладзі, якая прымала ў гэты дзень сакрамэнт хрысціянскай сталасці, іерарх адзначыў, што сваё жыццё трэба звязваць з патрабаваннямі Евангелля, а толькі потым пачынаць дзейнічаць.

kanfirmacyja bp st2

Нагадаўшы, што ад маладога пакалення залежыць, якім будзе свет сёння і заўтра, біскуп дадаў, што магчыма змяніць аблічча зямлі на лепшае, бо прыкладам гэтага з’яўляецца св. Францішак, які ўнёс у свет супакой і дабро.

“Святы Францішак пачаў рэвалюцыю, якая засноўвалася не на адабранні жыцця і свабоды ў іншых, а на ўвядзенні Евангелля”, – сказаў іерарх.

Звяртаючыся да бацькоў, дапаможны біскуп дыяцэзіі падкрэсліў, як важна памятаць, што найважнейшае ў выхаванні наступных пакаленняў і тое, пра што ні ў якім выпадку нельга забываць – рэлігійнае выхаванне.

Іерарх заклікаў таксама да малітвы аб XV Звычайнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, якая зараз праходзіць у Ватыкане на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”.

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі а. Антоні Пажэцкі OFM Conv падзякаваў біскупу за прыбыццё і супольную малітву, а моладзь, умацаваная дарамі Святога Духа, – за ўдзяленне ёй гэтага сакрамэнту.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Баляслаў Гавецкі