
Каталіцкая моладзь прывезла ў цэнтр сапраўдны акварыум з рыбкамі, мяккую мэблю для дзяцей малодшага ўзросту, а таксама сродкі гігіены.
Як распавяла Ірына Сасна, адна з валанцёрак, акцыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця праводзяцца некалькі разоў у год.
Прыкладам можа быць традыцыйная акцыя на свята Божага Нараджэння, калі моладзь, збіраючы ахвяру на карысць хворых дзяцей, частуе ўсіх дабрачынцаў печывам, або аўкцыён дзіцячых прац.
Маладыя людзі расказалі, што група каталіцкай моладзі “Уваскрашэнне” налічвае каля 20 чалавек. Аднак калі адбываюцца нейкія маштабныя акцыі, то да ўдзелу далучаюцца амаль усе юнакі і дзяўчаты з душпастарства “Open”.

- Нашай мэтай з’яўляецца не толькі матэрыяльная дапамога, - падкрэслівае Ірына, - але, перш за ўсё, духоўная падтрымка . Мы імкнемся праявіць увагу і сагрэць святлом і цеплынёю сваёй душы дзетак, якім недаступны простыя радасці жыцця.
Варта адзначыць, што каталіцкія валанцёры не толькі арганізуюць шматлікія дабрачынныя акцыі, але таксама дапамагаюць супрацоўнікам цэнтра апекавацца дзяцьмі-інвалідамі.