13 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася святая Імша ў 27-ю гадавіну заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і прэканізацыя біскупа Аляксандра Кашкевіча.
Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Супольна з ардынарыем маліліся дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, канонікі катэдральнага капітулa Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра, дэканы і вернікі.
У гаміліі кс. канонік Антоні Грэмза, віцэ-канцлер біскупскай курыі, нагадаў гістарычныя пачаткі заснавання дыяцэзіі і прызначэння яе першага біскупа. Святар адзначыў, што ўсе – біскупы, духоўныя асобы і свецкія вернікі – утвараюць партыкулярны Касцёл на Гродзеншчыне і разам будуюць заўтра дыяцэзіі. Па словах святара, кожны ўносіць свой уклад ва ўтварэнне Касцёла і ад кожнага залежыць яго далейшае развіццё.
“Мэта ўсіх нас – ісці шляхам да святасці, разам кіравацца да збаўлення ў гэтым нашым Касцёле”, – дадаў кс. Антоні Грэмза, падкрэсліваючы, што ўсе павінны трываць у еднасці.
На заканчэнне Імшы з віншаваннямі біскупу Аляксандру Кашкевічу звярнуўся кс. канонік Генрык Яблонскі, дэкан катэдральнага капітула. Святар падзякаваў іерарху за тое, што ён з’яўляецца “вартаўніком” дыяцэзіі з моманту яе заснавання па сённяшні дзень, і пажадаў трывала і ў паўнаце сіл весці ўсіх далей да святасці.
“Дзякую найперш Пану Богу за дар абрання да біскупскага служэння і за кожнага з вас. Мы разам утвараем наш Касцёл, супольна ідзём адным шляхам, які нам указвае Хрыстус”, – гэтымі словамі дзякаваў прысутным за дар супольнай малітвы біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх пажадаў, каб і далей Касцёл на Гродзеншчыне мог развівацца і каб ніколі ў ім не было недахопу ў адданых святарах, руплівых сёстрах законных і пабожных свецкіх верніках.
“Без вашай малітвы не было б таго, што сёння мы маем. Таму будзем дзякаваць Пану Богу і прасіць, каб далей вёў нас усіх”, – сказаў біскуп, звяртаючыся да сабраных у катэдры.
Гродзенская дыяцэзія была заснавана Папам Янам Паўлам ІІ 13 красавіка 1991 года. Адначасова Папа прызначыў яе першага біскупа – тагачаснага пробашча парафіі Святога Духа ў Вільні кс. Аляксандра Кашкевіча.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Тамаш Мікалайчык, семінарыст