
Пачынаючы з IV стагоддзя, рымскія хрысціяне ведалі і адзначалі свята катэдры св. Пятра, прыгадваючы, што Апостал быў біскупам гэтага горада. Такім чынам яны ўшаноўвалі св. Пятра за тое, што менавіта ў Рыме ён заснаваў хрысціянскую супольнасць і абраў горад сталіцай хрысціянства. Аднак паколькі свята прыпадала часта на перыяд посту, у многіх месцах, напрыклад, у Галіі, яго пачалі адзначаць 18 студзеня. З часам прыняліся два святы: 18 студзеня – катэдры св. Пятра ў Рыме, а 22 лютага – катэдры св. Пятра ў Антыохіі. Паводле вельмі старой традыцыі, св. Пётр спачатку заснаваў сваю сталіцу галавы Хрыстовага Касцёла ў Антыохіі, дзе жыў некалькі гадоў, перш чым адправіўся прыкладна ў 42 годзе ў Рым і там прыняў пакутніцкую смерць. У 1558 годзе папа Павел IV канчаткова прызначыў 18 студзеня днём памяці аб уступленні св. Пятра на рымскі трон, а 22 лютага – святам прыняцця сталіцы ў Антыохіі. Абодва гэтыя святы, якія спачатку адзначалі толькі ў Рыме, Павел IV зрабіў абавязковымі для ўсяго Лацінскага Касцёла.
Сённяшняе свята нагадвае, што сталіца Пятра – гэта падстава еднасці Касцёла. Касцёл моліцца, каб “у завірусе свету наша вера заставалася непахіснай”.