З 5 па 7 студзеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне праходзілі рэкалекцыі па распазнанні паклікання на тэму "Не бойцеся! Абвяшчаю вам вялікую радасць... сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся нам Збаўца" (пар Лк 2, 10-11).
Асноўная ідэя сустрэчы, якая адбывалася пад кіраўніцтвам кс. Андрэя Лішко і кс. Валерыя Быкоўскага, зводзілася да таго, каб абудзіць у юнакоў адказнасць за выбар уласнай жыццёвай сцежкі, а таксама аднавіць жаданне ставіць Божую волю на першае месца, каб быць здольнымі ўзгадняць свае думкі з думкамі Бога.
Насычаная рознымі мерапрыемствамі праграма дня прадугледжвала і магчымасць асабістай сустрэчы юнакоў са святарамі і семінарыстамі, калі кожны жадаючы мог падзяліцца ўласным перажываннем веры і задаць хвалюючыя пытанні.
У ходзе рэкалекцый удзельнікі сустрэліся з дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім.
Арганізатары духоўных практыкаванняў, а таксама семінарысты, маюць надзею, што гэтыя рэкалекцыі паўплываюць на духоўнае жыццё міністрантаў, стануць штуршком да таго, каб час ад часу яны спыняліся над таямніцай свайго паклікання, што дапаможа ім станавіцца сапраўднымі вучнямі Хрыста і сведкамі Яго бязмежнай любові і дабрыні.
Яўген Амасёнак, семінарыст
Фота семінарыста Андрэя Юхніка