Skip to main content

Рэкалекцыі ў Вялікай Бераставіцы

З 11 па 13 лютага ў парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Береставіцы адбыліся рэкалекцыі, якія праводзіла «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі». Першапачатковай іх мэтай было аб’яднаць на малітве маладых людзей. На запрашэнне адгукнулася моладзь не толькі з парафіі, але і з суседніх парафій і з усяго дэканата. У рэкалекцыях прымалі ўдзел людзі не толькі маладогу ўзросту, але і маладыя духам, бо вера не мае ўзроставых межаў. Усяго ў рэкалекцыях удзельнічала каля 100 чалавек.

Праз увесь час рэкалекцый нас аб’ядноўваў заклік “Дазволь Богу любіць цябе”.

У першы дзень мы намагаліся разабрацца ў сваім уяўленні Бога. Нам былі прапанаваны прыклады Яго памылковых вобразаў:

- вобраз дзеда мароза – як вобраз Бога, які дорыць нам падарункі, калі мы паводзім сябе добра. Гэта памалковы вобраз, бо Бог нас любіць так моцна, што дорыць нам падарункі значна часцей і нават тады, калі мы гэтага не заслугоўваем;

- вобраз карабаса-барабаса – як вобраз Бога, для якога мы з’яўляемся марыянеткамі, і кожнае наша дзеянне запланавана. Гэта таксама памылковы вобраз, бо Бог нас любіць так моцна, што даў нам вольную волю;

- а таксама вобразы суддзі, банкамата, міліцыянера і іншыя.

Усё, акрамя Бога, мае свой пачатак. У першай палове наступнага дня рэкалекцый мы разважалі над пачаткам нашага існаваня, над мэтай, з якой стварыў нас Бог. Вынікам разважанняў было ўсведамленне таго, што Бог стварыў зямлю і чалавека для таго, каб падзяліцца сваёй любоўю з намі. Калі Бог сатварыў чалавека, усё было гарманічным. Калі мы грашым, мы парушаем гэтую гармонію.

У наступнай канферэнцыі мы пазнаёміліся з гістарычнымі фактамі існавання Езуса. Таксама прыгадалі фрагменты Св. Пісання, у якіх Езус паказаны і як чалавек, які меў такія самыя жаданні і праблемы, як і мы (радасць, злосць, голад), і як Бог.

У другой палове дня мы разважалі над верай, над тым, што для збаўлення недастаткова самой веры ў Бога – патрэбны яшчэ давер да Яго. Усведамлялі сабе, што вера без учынкаў - гэта мёртвая вера, і трэба кожны дзень навяртацца да Бога.

Галоўным момантам кожнага дня была Св. Імша. Мы мелі таксама магчымасць споведзі і адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту.

Неад’емнай часткай такіх рэкалекцый з’яўляецца праца ў групах, падчас якой удзельнікі маюць магчымастць падзяліцца сваімі думкамі на пэўную тэму.

Вечарам гэтага дня была магчымасть вызнаць Езуса сваім Панам.

У апошны дзень рэкалекцый нам была прыбліжана постаць асобы Святога Духа. Праз вершы Святого Пісання мы ўзмацнілі сваю веру ў Св. Духа і прасілі Яго прыйсці да нас.

Напрыканцы рэкалекцый, пасля ўрачастай нядзельнай Эўхарыстыі, удзельнікі давалі сведчанні. Многія падзялілася сваімі перажываннямі.

Гэтыя рэкалекцыі вельмі дапамаглі нам у пазнанні Божай праўды, і мы шчыра ўдзячныя Богу за магчымасць удзельнічаць у іх.
Удзельнік рэкалекцый