Skip to main content

5 новых лектараў устаноўлены ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай

lektary 1019 лістапада ў касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне адбыўся абрад благаслаўлення новых лектараў. Цырымонія прыняцця 5 новых лектараў, якія раней ужо належалі да Літургічнай службы алтара і былі адпаведна да гэтага падрыхтаваны, прайшла падчас святой Імшы.

Айцец Антоні Пажэцкі OFMConv, пробашч парафіі, нагадаў кандыдатам значэнне функцый лектара ў літургічным сходзе. “Праз вашы вусны будзе прамаўляць сам Бог. Памятайце заўсёды, якое вялікае і святое будзеце спаўняць служэнне і з якой пільнасцю і стараннасцю павінны яго спаўняць. Перадаючы іншым Божае слова, самі яго прымайце і рупліва разважайце над ім, каб у ім вы знаходзілі радасць і моц. Вашым штодзённым жыццём абвяшчайце нашага Збаўцу, Езуса Хрыста”, – адзначыў святар.

Хлопцы публічна выказалі перад сабранымі на літургіі сваё жаданне спаўняць функцыі лектара ў літургічным сходзе, каб праз гэта яшчэ больш служыць Касцёлу і спрыяць яго ўзрастанню. Яны абавязаліся годна перадаваць Божае слова і сведчыць пра Бога сваім штодзённым жыццём.

Новаўстаноўленыя лектары гродзенскай парафіі атрымалі Святое Пісанне і знакі ідэнтычнасці.

Функцыя лектара вельмі важная падчас літургіі, бо абавязвае не толькі да падрыхтоўкі і перадавання Божага слова, але і да пазнавання яго і ўвасаблення ў жыццё. З гэтага моманту новыя лектары павінны чытаць, перадаваць Божае слова і дзяліцца ім з Божым народам. Яны асаблівым чынам запрошаны жыць гэтым Словам кожны дзень.

Хлопцы, якія належаць да Літургічнай службы алтара, займаюць прывілеяваныя месцы падчас літургічных набажэнстваў і спрыяюць таму, каб літургія была прыгожай, служачы такім чынам Богу. Яны зблізку спазнаюць, што Езус Хрыстус прысутны і дзейнічае ў кожным літургічным акце.

Кс. Юрый Марціновіч