18 лістапада ў консульствe Рэспублікі Польшча ў Гродне адбылося адкрыццё цыклу сустрэч “Прыпынак Гісторыя”. Першая сустрэча была прысвечана постаці благаслаўлёнага кс. Ежы Папялушкі, мучаніка за веру.
У гэтым годзе адзначаецца 70-я гадавіна нараджэння благаслаўлёнага святара.
У сустрэчы прынялі ўдзел сярод іншых біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У ходзе сустрэчы прысутным распавялі біяграфію кс. Папялушкі, жыццёвым дэвізам якога былі словы: “Зло дабром перамагай”. Была таксама адкрыта выстаўка, прысвечаная жыццю і дзейнасці святара, які ўпісаўся ў гісторыю Касцёла як непахісны вястун барацьбы за праўду і свабоду. На выстаўцы былі прадстаўлены ўнікальныя здымкі, перададзеныя сям’ёй Папялушкі.
Мэта выстаўкі – паказаць кс. Ежы Папялушку як звычайнага чалавека, які пілуе дрэвы на вясковым падворку з курамі, які не баіцца фізічнай працы, як таксама і цалкам аддаецца служэнню Богу, людзям і сваёй Айчыне. Здымкі, прадстаўленыя на выстаўцы, паказваюць святара найперш як чалавека вялікага сэрца, які нікому не адмаўляў у дапамозе. У яго было мноства сяброў і знаёмых, ён цікавіўся людзьмі і светам, любіў падарожнічаць і пазнаваць новыя месцы.
Ксёндз Папялушка – гэта таксама чалавек нязломных прынцыпаў, гатовы да вялікага самапрысвячэння, але з іншага боку цалкам нармальны. Ён звычайны, незаўважны, аднак гэта яму было дадзена пацягнуць за сабой натоўпы людзей, распальваць у іх веру, надзею і мужнасць і напрыканцы свайго шляху аддаць жыццё за веру і сваю Айчыну.
Ежы Папялушка нарадзіўся 1 верасня 1947 г. на Падляссі ў вёсцы Акопы, у парафіі Сухаволя, вельмі блізка да Гродзеншчыны. У 1972 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.
Спачатку працаваў на тэрыторыі розных парафій у Варшаве і пад Варшавай.
З 1980 г. служыў у парафіі Св. Станіслава Косткі ў Варшаве. Менавіта там ён уключыўся ў душпастырства свету працы. З лютага 1982 г. цэлебраваў святыя Імшы за Айчыну, якія збіралі вернікаў не толькі з Варшавы, але і з усёй Польшчы.
19 кастрычніка 1984 г. кс. Ежы Папялушка вяртаўся на машыне з душпастырскага служэння ў Быдгашчы. Ён быў затрыманы і выкрадзены. 30 кастрычніка са штучнага вадасховішча ля плаціны на Вісле каля Влацлавека міліцыя вылавіла цела святара.
Ксёндз Ежы Папялушка быў пахаваны пры касцёле Св. Станіслава Косткі. У пахавальных урачыстасцях удзельнічала каля мільёна вернікаў. 6 чэрвеня 2010 г. у Варшаве адбылася яго беатыфікацыя.
Благаслаўлёны з’яўляецца апекуном звычайных людзей, забеганых, занятых, якіх часта нейкім чынам дыскрымінуюць і высмейваюць. Гэта чалавек, які з перспектывы неба, дзе сёння знаходзіцца, паказвае нам, што святасць не з’яўляецца чымсьці далёкім і недасяжным, але што гэта запрашэнне ад Бога, скіраванае да кожнага.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Аляксандра Раманчука