19 лістапада дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў Воўпаўскую бальніцу сястрынскага догляду. Падчас наведвання медустановы іерарх сустрэўся з пажылымі і хворымі людзьмі, а таксама з абслугоўваючым персаналам.
Пробашч парафіі ў Воўпе кс. Віктар Мыслюк на пачатку сустрэчы адзначыў, што візіт біскупа з’яўляецца вялікай падтрымкай для вернікаў, якія штодзень нясуць крыж хваробы і цярпення. Святар падкрэсліў, што Касцёл заўсёды памятае ў малітве аб такіх людзях і нястомна ім спадарожнічае.
Біскуп Юзаф Станеўскі, звяртаючыся да пажылых і хворых людзей, падкрэсліў, што прыбывае да іх, каб найперш падзякаваць ім за адвагу і мужнасць у нясенні штодзённага крыжа. Іерарх заклікаў таксама да малітвы ў інтэнцыі Касцёла і сваіх блізкіх, каб захавалі скарб веры і перадавалі яго наступным пакаленням.
Біскуп указаў у першую чаргу на ружанцовую малітву, падкрэсліваючы яе вартасць і сілу. “У хвіліны сумнення і самотнасці бярыце ў рукі ружанец, індывідуальна ці супольна разважайце над паасобнымі таямніцамі Хрыста і Яго Маці Марыі, вернай і заўсёды гатовай прыйсці з дапамогай да чалавека”, – дадаў іерарх.
На заканчэнне сустрэчы, якая прыпала на І Сусветны дзень бедных, устаноўлены Папам Францішкам, біскуп удзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне і ўручыў кожнаму памятны абразок. Іерарх падзякаваў таксама персаналу бальніцы, які штодзень выконвае сваю працу, служачы тым, хто знаходзіцца ў патрэбе.
Біскуп, пробашч і двое навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведалі таксама хворых у палатах, якія не былі ў стане прыбыць на супольную сустрэчу.
Кс. Юрый Марціновіч