Skip to main content

Святы Ян Боска

Сёння каталіцкі Касцёл успамінае св. Яна Боска. Іканаграфія прадстаўляе гэтага Святога амаль заўсёды ў таварыстве моладзі. Гэтак жа можна бачыць яго ў базыліцы св. Пятра, у галерэі заканадаўцаў. Папа Піус XI у прамове з нагоды кананізацыі св. Яна Боска назваў яго “гігантам”. Такім чынам, гэтая постаць нязвыклая нават сярод святых.
Св. Ян Боска нарадзіўся 16 жніўня 1815 г. у мясцовасці каля Турына. Бацька Святога, Францішак Боска, памёр, калі Ян меў каля 2 гадкоў. Маці як удава павінна была самотна выхоўваць трох сыноў. Калі Яну было 9 гадоў, Бог у таямнічым сне выявіў яму яго будучыю місію, якую хлопец пачаў па-свойму разумець і выконваць. Паміж іншым, ён збіраў жыхароў сваёй ваколіцы і забаўляў іх цыркавым штучкамі, якія пераплятаў малітвай, пабожным спевам і “казаннем”, паўтараючы тое, што чуў у касцёле.
Першую св. Камунію св. Ян прыняў у 11 гадоў. Калі яму было 14, распачаў навучанне ў пэўнага святара-пенсіянера. У 1831-1835 гадах Ян закончыў пачатковую і сярэднюю школы. Школы ў той час былі прыватныя, і Ян зарабляў на іх грошы, даючы дадатковыя ўрокі сваім багатым аднакласнікам. У гэты ж час ён арганізаваў сярод калег “таварыства весялосці” для годнай абавы і паглыблення рэлігійнага жыцця. Такім чынам, Ян быў апосталам яшчэ дзіцём – і ў сваёй роднай вёсцы, і сярод гімназіяльных равеснікаў.
Пасля выдатнага заканчэння сярэдніх школ Ян быў прыняты ў вышэйшую духоўную семінарыю ў Турыне. Тут пад кіраўніцтвам выкладчыка і спаведніка св. Юзафа Кафасы ён меў значныя поспехі ў дасканаленні хрысціянскага жыцця.
5 чэрвеня 1841 г. Ян Боска атрымаў святарскія пасвячэнні з рук арцыбіскупа Турына Алойзія Франсоні і, кіруючыся парадай св. Юзафа Кафасы, уступіў у касцельны канвікт для паглыблення сваёіх рэлігійных ведаў і ўнутранага жыцця. І тут менавіта распачалася яго вялікая дзейнасць. Ва Урачыстасць Беззаганнага Зачацця НПМ, 8 снежня 1841г., ён выпадкова напаткаў маладога сірату. З гэтага дня ён пачаў збіраць самотную моладзь і шукаць для іх працу ў сумленных людзей. А ў нядзелю арганізоўваў ім цікавы вольны час, даючы таксама магчымасць паслухаць св. Імшу і прыняць св. Сакрамэнты. Паколькі большасць гэтай моладзі была бяздомнай, ён стараўся знайсці ім дах над галавой. Так паўсталі элементарныя (пачатковыя) і прафесійныя школы і інтэрнаты, якія вельмі хутка распаўсюдзіліся ў П’емонце.
Аднак гігантычныя патрэбы былі па-над магчымасці і сілы маладога святара. Таму ён увесь час звяртаўся па дапамогу да грамадскасці. Ян Боска заснаваў два ордэны: Пабожнае таварыства св. Францішка Салезія для мужчынскай моладзі (1859) і кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў для дзяўчат (1872). Да двух гэтых ордэнаў належыць далучыць вялікую колькасць салезіянскіх памочнікаў і былых выхаванкаў, якія аб’яднаны кожны пад сваім праўленнем і статутам.
Праца з самотнай моладдзю не была, аднак, выключнай сферай дзейнасці св. Яна Боска. Па хвалу Бога ён ішоў усюды, дзе была неабходна несці дапамогу Хрыстоваму Касцёлу. Шырока развіваў місіянерскую дзейнасць: сёння дзве салезіянскія сям’і працуюць на ўсіх кантынентах свету.
Не меншыя заслугі меў св. Ян Боска на полі каталіцкага аскетызму, які зрабіў больш сучасным і даступным шырокім слаям вернікаў Касцёла: станавіцца святым праз сумленнае выконванне сваіх абавязкаў, удасканаленне праз асвечаную работу.
Разумеючы, наколькі вялікі ўплыў на фарміраванне хрысціянскага характару мае добрая прэса, а як страшнае спусташэнне можа прынесці прэса дрэнная, св. Ян Боска ўвесь вольны час прысвячаў пісанню і прапагандаванню добрай прэсы і кніг. Усё выдадзенае друкам намаганнямі св. Яна Боска складае 1174 наймення, што разам займае 37 тамоў, у тым ліку ён сам напісаў і выдаў 130 кніг і кніжачак.
Напрыканцы жыцця слава св. Яна Боска была настолькі вялікай, што калі ён старым чалавекам быў у Парыжы, ужо амаль сляпы і паралізаваны, вакол яго сабраўся агромністы натоўп, які не дазваляў Святому паварушыцца.
Духоўныя сыны св. Яна Боска, якіх паўсюль завуць салезіянамі, прыбылі ў Польшчу ў 1898 г. і ў Асвенцыме арганізавалі сваю першую пляцоўку. Дачкі Марыі Успамогі Хрысціянаў прыбылі ў Польшчу ў 1922 г. З салезіянскай супольнасці на польскай зямлі паўстала кангрэгацыя св. Міхала (міхаліты).
Святы Ян Боска, абдораны Божым наканаваннем такімі вялікімі і рознымі прывілеямі і ласкай, заўсёды заставаўся сціплым і пакорным, нават перакананым, што ён – усяго інструмент у Божых руках. І менавіта ў гэтым, напэўна, яго сапраўдная веліч.
Апрацавана паводле кнігі “Святыя на кожны дзень”, аўтар кс. Вінцэнты Залескі
SDB, Варшава, 1995.