3 лістапада ў малой базіліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне канонікі катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра памаліліся ў інтэнцыі душпастыраў, якія адышлі па ўзнагароду да Бога.
Перад пачаткам літургіі прысутныя канонікі кс. Антоній Грэмза, кс. Ян Кучынскі, кс. Генрых Яблоньскі, кс. Цэзарый Міх, кс. Рычард Якубец і кс. Чэслаў Паўлюкевіч супольна адгаварылі брэвіярый. Пасля адбылася св. Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч разам з дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім.
У гаміліі кс. Ян Пузына нагадаў прысутным прозвішчы слынных святароў, якія “хадзілі па нашых землях”. Сярод іх, між іншым, кс. Мельхіёр Фардон, кс. Генрых Глябовіч, кс. Міхал Сапоцька. І заахвоціў сабраных прыпомніць душпастыраў, якія вялі кожнага па дарозе да святасці, удзялялі сакраманты, былі побач у нялёгкія часы. “Мы не павінны адкідваць думкі пра смерць – яна непазбежная. Не трэба азірацца на ўрост: яна можа прыйсці ў любы момант. Неабходна быць заўсёды прыгатаваным да яе, – заўважыў кс. Рычард. – І памятаць пра тых папярэднікаў, якія ўжо адышлі ў вечнасць. Малітоўная памяць – найдаражэйшы скарб і найлепшая дапамога з нашага боку для іх”.
Напрыканцы літургіі прысутныя адгаварылі ў інтэнцыі памерлых душпастыраў “Анёл Панскі”. У завяршэнне св. Імшы ардынарый удзяліў вернікам пастырскае бласлаўленне.
Ангеліна Пакачайла