Skip to main content

Бл. Цэліну Бажэнцкую ўшанавалі ў парафіі ў Заневічах

celina 8Св. Імша адбылася 26 кастрычніка, у дзень чарговай гадавіны смерці бл. Цэліны Бажэнцкай і з нагоды 10-годдзя беатыфікацыі манахіні. Мясцовасць была абрана невыпадкова: благаслаўлёная правяла на гэтых землях частку свайго жыцця. Сёння ў Заневічах знаходзіцца сямейная капліца Бажэнцкіх.

Набажэнства ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх спаслаўся на словы Святога Айца Бенедыкта XVI, якія той прамовіў падчас беатыфікацыі Цэліны Бажэнцкай у Рыме: “Акрамя мучаніцтва крыві існуе не менш важнае «белае» мучаніцтва, якое напаўняла жыццё бл. Цэліны: жонкі, маці, удавы і манахіні. Яна дасканала выканала ўсе свае абавязкі, жывучы паводле Евангелля без кампрамісу".

Пасля св. Імшы сабраныя вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі сваёй благаслаўлёнай зямлячкі.

Даведка:

Цэліна Бажэнцкая (у дзявоцтве Хлюдзінская) нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. y Антавілі каля Оршы. Выйшла замуж, нарадзіла чатырох дзяцей, дваіх з якіх пахавала. Пасля смерці мужа выехала ў Рым і разам з малодшай дачкой Ядвігай заснавала Кангрэгацыю Сясцёр Змёртвыхпаўстанак.

АМ