29 кастрычніка ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) з канцэртнай праграмай выступілі студэнты-католікі з Афрыкі і Азіі, якія вучацца ў Гродне. Канцэрт адбыўся на заканчэнне Місійнага тыдня, які праходзіў у Паўсюдным Касцёле.
На сустрэчы з іншаземцамі, якія прыйшлі, каб парадаваць сваім спевам і падзяліцца творчасцю, сабралося шмат вернікаў горада. Праз спевы і танцы выступоўцы паказалі сваю веру і тое, што можна быць чалавекам Касцёла, хоць і вырасці ў іншай культуры.
Вернікі ўзнагародзілі студэнтаў апладысментамі і вялікай сімпатыяй. Святары парафіі дзякавалі за гэтую цудоўную сустрэчу, за вялікі энтузіязм выступоўцаў і сувязь з Касцёлам.
Трэба адзначыць, што прысутнасць маладых людзей з Афрыкі і Азіі ў горадзе над Нёманам сведчыць аб багацці Касцёла. Яны прымаюць актыўны ўдзел у жыцці мясцовай каталіцкай супольнасці.
Гэтыя студэнты ўдзельнічаюць у святых Імшах, якія кожную нядзелю праводзяцца ў пабрыгіцкім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі на англійскай мове. Таксама яны прымаюць удзел у сустрэчах Душпастырства моладзі «OPEN», у дыяцэзіяльных сустрэчах моладзі і іншых мерапрыемствах.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Аляксандра Сергеюка