Паступова падыходзіць да завяршэння перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай у Гродзенскай дыяцэзіі. Фігура наведвае ўжо апошнія парафіі дыяцэзіі. 11-12 кастрычніка магчымасць сустрэцца з Паннай Марыяй і паразважаць над фацімскім пасланнем, скіраваным 100 гадоў таму ў Партугаліі, мелі вернікі парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне (францішканскі касцёл). Пасля сустрэчы Найсвяцейшай Маці ў фацімскай фігуры і слоў прывітання ад усіх пакаленняў вернікаў і пробашча а. Антонія Пажэцкага OFM Conv адбылася святая Імша з удзелам шматлікіх парафіян.
Імшу ўзначаліў кс. Аляксандр Мацкевіч, канцлер Гродзенскай курыі. У гаміліі кс. Генрык Яблонскі нагадаў словы Марыі, скіраваныя да свету ў Фаціме, і іх значэнне для сучаснага чалавека.
Святар адзначыў, што, акрамя просьбаў да Бога праз пасрэдніцтва Марыі, трэба таксама прасіць аб прабачэнні, ці, у фацімскім разуменні – чыніць пакаянне. Ксёндз Яблонскі дадаў, што ў кожную хвіліну жыцця і ў любых абставінах трэба быць з Нябеснай Маці, найперш бескарысліва.
Першы дзень наведвання фігурай парафіі скончыўся марыйным заклікам, падчас якога вернікам нагадалі пра набажэнства пяці першых субот месяца. Вернікі пачулі, што сутнасцю гэтага набажэнства з’яўляецца кампенсаванне за грахі, здзейсненыя супраць Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Яна хоча ацаліць як мага больш людзей, таму прыходзіць, каб асцерагчы перад наступствамі граху, каб выратаваць грэшнікаў ад пекла, схіліць іх да навяртання.
У другі дзень наведвання фігурай парафіі вернікі трывалі на малітве перад Марыяй індывідуальна і супольна. Свой час для гэтага мелі члены Францішканскага ордэна свецкіх, кола Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, Рыцарства Беззаганнай, супольнасці Жывога Ружанца, Душпастырства моладзі „TAU”.
Усё завяршылася даручэннем Панне Марыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, асабліва хворых і церпячых, а таксама новых пакаленняў – дзяцей і моладзі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Баляслава Гавецкага