Skip to main content

Сакрамэнт канфірмацыі ў францішканаў у Гродне: мець у сэрцы любоў і жыць ёю

kanffr 288 кастрычніка ў парафіі Маці Божай Анёльскай (айцоў францішканаў) у Гродне падчас святой Імшы дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкi ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі 37 вернікам. 

У гаміліі біскуп адзначыў: “Як гаспадар, працуючы ў вінаградніку, хоча атрымаць добры плод сваёй працы, так і Бог хоча, каб мы прынеслі добрыя плады свайго жыцця. Гэты плод залежыць ад таго, ці супрацоўнічаем мы з Панам Богам. Ён чакае, каб мы прынеслі плод добрага, адказнага чалавека, сябра Езуса Хрыста; чалавека, які з любоўю прымае Евангелле, навуку Хрыста; чалавека, які не толькі слухае гэту навуку, але і мае ў сэрцы любоў да Езуса і жыве ёю”.

 

“Сучасны чалавек часта прыносіць марны плод, але мы павінны заўсёды даваць добрыя і салодкія плады. І менавіта ў гэтым нам дапамагае Дух Святы, які адорвае нас сваімі дарамі”, - нагадаў іерарх прымаючым сакрамэнт канфірмацыі.

Канфірмацыя з’яўляецца сакрамэнтам, які заснаваў сам Пан Езус, калі спаслаў у дзень Пяцідзясятніцы Духа Святога на апосталаў, якія сабраліся на малітву. Праз гэты сакрамэнт Дух Святы памнажае свае дары: мудрасць, розум, раду, мужнасць, умеласць, пабожнасць і боязь Божую. Таксама праз гэты сакрамэнт Дух Святы ўмацоўвае у нас сведчанне хрысціянскай веры словам і ўчынкамі.

kanffr 12

За падрыхтоўку кандыдатаў да сакрамэнту хрысціянскай сталасці была адказная сястра Валерыя ISSM, якая сумленна выканала сваё заданне, праводзячы серыю катэхез і распавядаючы падапечным аб адказнасці і велічы атрыманых дароў.

Самі ж вернікі, якія прынялі гэты сакрамэнт, абавязаліся быць сведкамі веры і сапраўднымі вучнямі Езуса Хрыста, каб найперш сваімі канкрэтнымі ўчынкамі паказваць іншым сваю прыналежнасць да Хрыстовага Касцёла.

А. Павел Раманчук OFM Conv

Фота Баляслава Гавецкага