Skip to main content

Кансэкрацыя касцёла айцоў піяраў у Лідзе: няхай гэтая святыня нагадвае пра з’яднанне з Хрыстом

kans sw 225 жніўня, у літургічны ўспамін св. Юзафа Каласанса, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў акт кансэкрацыі касцёла ў Лідзе, апекуном якога з’яўляецца св. Юзаф Каласанс. Святыня была пабудавана дзякуючы вялікім старанням Ордэна Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школ (піяраў).

Кансэкрацыя адбылася ў юбілейны год, калі Ордэн піяраў адзначае 400 гадоў існавання і 250-годдзе кананізацыі св. Юзафа Каласанса, заснавальніка Пабожных Школ.

Святыня была ўзведзена як бачны і выразны знак жывой веры жыхароў мікрараёна Індустрыяльны ў Лідзе, іх любові да Бога і прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла. Яна з’яўляецца выразам жадання, каб паблізу іх месца жыхарства быў касцёл – дом Божы.

Вернікі жадаюць быць ля алтара Пана, прымаць Яго Найсвяцейшае Цела і Кроў, узрастаць у веры, слухаючы Божае слова і прымаючы святыя сакрамэнты, а таксама карыстацца многімі іншымі ласкамі і дарамі, якімі Бог так шчодра адорвае сваіх дзяцей.

​Кансэкрацыя касцёла азначае, што гэты будынак праз спецыяльны акт аддаецца ў асаблівую ўласнасць Пану Богу. На моцы кансэкрацыі гэтая святыня стала выключна Божай уласнасцю і будзе служыць толькі Яго хвале і асвячэнню вернікаў.

Абрад кансэкрацыі быў таксама своеасаблівым увянчаннем шматгадовай працы і старанняў як душпастыраў - айцоў Пятра Горкі, Віктара Занеўскага, Яна Асіповіча і сённяшняга пробашча а. Андрэя Агеля, - так і ўсёй парафіяльнай супольнасці, усіх дабрадзеяў, ахвярадаўцаў і людзей добрай волі.

​На ўрачыстасць прыбыло шмат гасцей. Прысутнічалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Правінцыял Польскай правінцыі Ордэна піяраў а. Юзаф Матрас SP, Правінцыяльны эканом а. Юзаф Тарнаўскі SP, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі Ордэна піяраў у Кракаве а. Марэк Кудах SP.

kans sw 19

Прыбыло таксама духавенства з Лідскага дэканата, сабраты піяры, сёстры назарэтанкі і шмат свецкіх вернікаў.

У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што ўрачыстасць кансэкрацыі з’яўляецца вялікім і гістарычным днём не толькі для парафіі, але і для ўсяго Касцёла на Гродзеншчыне.

“Вы складаеце дар Богу, прысвячаючы Яму гэтую святыню”

​Звяртаючыся да вернікаў, іерарх сказаў: “У гэтым прыгожым вонкавым выглядзе касцёла відаць прыгажосць вашай веры, малітвы і працы, прыгажосць парафіяльнай супольнасці, якую вы ўтвараеце”.

“Сёння я скіроўваю да вас, дарагія браты і сёстры, маё пастырскае слова ўдзячнасці і прашу ў Пана для кожнага з вас шчодрага благаслаўлення і ўсялякіх патрэбных ласкаў”, - дадаў біскуп.

​Таксама гродзенскі ардынарый звярнуў увагу, што праз акт кансэкрацыі “касцёл становіцца дарам, які чалавек складае Пану Богу”. “Ваша фізічная праца, матэрыяльныя і духоўныя ахвяры, асабістае старанне, прысвечаны час і сілы, разнастайная дапамога, якую вы аказваеце святарам і будаўнікам, - усё гэта вы складаеце сёння Богу ў дар, прысвячаючы Яму гэтую святыню”, - адзначыў біскуп.

kans sw 9

“Хоць усё, што мы маем, паходзіць ад Бога, Пану прыемна, калі мы штосьці Яму ахвяруем, - патлумачыў іерарх.- Прыемна не з погляду на саму па сабе ахвяру, але таму, што такім чынам мы выражаем Яму сваю любоў і ўдзячнасць за ўсё, чым Ён нас адарыў. Знешнія ахвяры і матэрыяльныя дары – гэта знак асаблівай духоўнай сувязі, якая злучае нас з Богам. Таму самая прыемная для Пана ахвяра – гэта наша сэрца, якое жыве любоўю да Бога і бліжняга і жадае дзяліцца гэтай любоўю з іншым чалавекам”.

“Святы Юзаф Каласанс верна рэалізаваў евангельскі ідэал”

Кажучы пра юбілей 400-годдзя заснавання Ордэна піяраў і 250-годдзя кананізацыі Юзафа Каласанса, біскуп заўважыў: “Святы Юзаф Каласанс дае нам прыгожы прыклад, як учыніць з уласнага жыцця дар, мілы Пану Богу. Для святога Юзафа гэта быў выбар дабравольнага прыніжэння, пакорнага служэння ўбогім і патрабуючым, каб быць бедным з беднымі, слабым са слабымі і малым з малымі”.

​“Няцяжка заўважыць, як такое жыццё ў прыніжэнні і пакоры чыніць хрысціяніна падобным да Езуса Хрыста, які, будучы Богам, прынізіў сябе самога і прыняў постаць слугі, каб нам прынесці збаўленне, - сказаў гродзенскі ардынарый. - І калі сёння мы чуем у Евангеллі словы Хрыста аб тым, што той з’яўляецца самым вялікім у Валадарстве Нябесным, хто прынізіць сябе, як дзіця, мы разумеем, як верна, амаль даслоўна рэалізаваў гэты евангельскі ідэал святы Юзаф Каласанс. Ён (…) выракся кар’еры і багацця, каб служыць Хрысту ў простых, убогіх, занядбаных дзецях”.

​“Няхай вернае, ахвярнае, руплівае спаўненне абавязкаў, якія вынікаюць з нашага стану і жыццёвага паклікання, нас яшчэ больш узбагачае духоўна, набліжае да Хрыста, нашага Пана, і адкрывае нашыя сэрцы на Бога і бліжняга, - пажадаў біскуп. - Няхай гэтая прыгожая святыня, якая ўзносіцца да неба, як знак нашай веры, нагадвае нам пра найважнейшую і канчатковую мэту нашага жыцця – пра з’яднанне на векі з Езусам Хрыстом, нашым Панам і Збаўцам”.

Пасля гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч намасціў алеем алтар, а біскуп Юзаф Станеўскі памазаў хрызмам сцены касцёла ў чатырох месцах. Алтар і сцены святыні былі акаджаны кадзілам, што сімвалізуе малітву, якая будзе ўзносіцца ў гэтым месцы. Алтар быў засцелены белым абрусам. Затым на алтары запалілі свечкі — на знак таго, што ў гэтым месцы ззяе святло Хрыстовае.

kans sw 12

На заканчэнне пробашч парафіі а. Андрэй Агель падзякаваў усім за ўдзел у гэтай урачыстасці, якая назаўсёды ўпісалася ў гісторыю Касцёла на Гродзеншчыне і Ордэна піяраў.

Парафія ў м-не Індустрыяльны ў Лідзе была створана 19 лістапада 1998 г. рашэннем ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі і перададзена айцам піярам.

3 верасня 2000 г. біскупам Аляксандрам Кашкевічам былі асвечаны крыж і зямля на месцы будаўніцтва касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. 1 лістапада 2000 г. адбылася першая святая Імша ў часовай капліцы.

11 мая 2002 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў фундамент касцёла. На ўрачыстасці прысутнічаў айцец Генерал Ордэна піяраў.

25 жніўня 2008 г. быў асвечаны новапабудаваны касцёл, які атрымаў тытул св. Юзафа Каласанса (на памяць аб касцёле піяраў, які раней быў у Лідзе). Падчас урачыстасці адбылося адкрыццё вуглавога каменя, асвечанага Янам Паўлам II у Кракаве.

Урачыстасць кансэкрацыі стала быццам дапаўненнем усіх спраў, якія на працягу гадоў чынілі айцы піяры.

Сёння парафія маладая і ў ёй вельмі актыўна вядзецца душпастырства, якім ахоплены ўсе пакаленні вернікаў.

Кс. Юрый Марціновіч