Skip to main content

Навумавічы – месца спачыну расстраляных падчас Другой сусветнай вайны

 

navumaviczy 2815 ліпеня адбыліся ўрачыстасці на месцы спачыну расстраляных падчас Другой сусветнай вайны жыхароў Гродна і Ліпска. У Навумавічах каля Гродна, у лесе, які з’яўляецца нямым сведкам трагічных падзей, сабралося шмат вернікаў.

Некаторыя прыйшлі ў пешай пілігрымцы з Гродна, іншыя прыехалі. Новай з’явай стаў удзел гусараў, якія прыбылі з розных месцаў Польшчы і прадстаўлялі розныя гістарычныя клубы.

Прысутныя маліліся ў адной інтэнцыі – каб Бог захаваў свет ад войнаў, голаду і агню, каб ніколі больш не паўтараліся такія падзеі, калі ў нявіннага чалавека адбіраецца найвялікшы дар, які ён мае, – жыццё.

Сёлета прыпадае 74-я гадавіна мучаніцкай смерці многіх герояў нашай зямлі. Сярод іх Мар’яна Бярнацкая, якая рашылася аддаць жыццё за сваю нявестку і яе ненароджанае дзіця. Яна была беатыфікавана 13 чэрвеня 1999 г. Папам Янам Паўлам ІІ у Варшаве сярод 108 благаслаўлёных мучанікаў Другой сусветнай вайны.

У лесе, які быў сведкам драматычных падзей таго часу, святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пачатку Імшы іерарх адзначыў, што патрэбна вялікая малітва аб міры ў свеце.

“Патрэбна вялікая малітва, каб нашы часы былі спакойнымі часамі, каб ніколі не было больш нянавісці да чалавека, а на зямлі запанавалі любоў і пашана да жыцця”, - сказаў біскуп.

navumaviczy 45

У гаміліі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначыў, што гэты лес – асаблівае месца для Гродна і для жыхароў суседняга Ліпска, бо ён кожны раз „узрушвае нашы сэрцы і нагадвае жыццярыс асобаў, якія тут загінулі”, з’яўляецца „месцам адарвання чалавека ад усяго”.

Гродзенскія Фарты, што будаваліся для абароны, забеспячэння бяспекі жыхароў і горада, а сталі месцам пакарання шматлікіх людзей, іерарх назваў “гродзенскай Галготай”.

“Мучанікі гэтай зямлі заклікаюць да нашых сэрцаў: Паверце, што Бог ёсць любоў! Абудзіце ў сабе надзею! І няхай гэтая надзея выдасць у вас плод вернасці Богу ва ўсялякім жыццёвым выпрабаванні!” – сказаў біскуп.

Па словах іерарха, свет павінен зразумець, што сапраўдны мір засноўваецца на запаведзях любові да Бога і да іншага чалавека, незалежна ад яго нацыянальнай ці рэлігійнай прыналежнасці, дзейнасці або маёмасці, якой ён валодае. “Без захавання гэтых дзвюх запаведзяў загіне ўсё чалавецтва”, – рэзюмаваў біскуп Юзаф Станеўскі.

У сёлетняй малітве ўжо па традыцыі прыняла ўдзел дэлегацыя – больш за 80 чалавек – з радзімы благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, у ліку якіх былі бурмістр Ліпска (сёння тэрыторыя Польшчы) Лех Лэмпіцкі разам з прадстаўнікамі гарадской рады, праўнук благаслаўлёнай Станіслаў Бэтко, члены сем’яў забітых і скаўты.

Кс. Юрый Марціновіч