Skip to main content

Дзеці і моладзь Гродзенскай дыяцэзіі прымаюць удзел у Міжнароднай парафіядзе ў Варшаве

prf wwa 69 ліпеня ўрачыстай святой Імшой у санктуарыі Маці Божай Настаўніцы моладзі ў Варшаве адкрылася 29-я Міжнародная парафіяда дзяцей і моладзі, арганізаваная Ордэнам піяраў.

Імшу ўзначаліў біскуп Марэк Салярчык, які, звяртаючыся да ўдзельнікаў, нагадаў, што Езус Хрыстус – найлепшы трэнер, які заўсёды падтрымлівае чалавека ў яго штодзённым пілігрымаванні па зямлі.

У спаборніцтвах на спартыўным, культурным і рэлігійным полі ў гэтым годзе ўдзельнічаюць каля 1,5 тыс. маладых людзей з васьмі краін Еўропы, 900 з якіх – з Усходу.

Самую вялікую групу на спаборніцтвах утвараюць беларусы – больш за 250 чалавек. Большасць з іх паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі. Таксама прысутнічаюць прадстаўнікі Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі, Славакіі, Чэхіі і Германіі.

Праграма Парафіяды засноўваецца на так званай трыядзе: стадыён, тэатр, святыня. Спартыўна-забаўляльная частка аб’ядноўвае ўдзел у 13 дысцыплінах, у тым ліку ў 16 спаборніцтвах. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца камандныя гульні: футбол, гандбол, баскетбол, з індывідуальных гульняў дамінуе лёгкая атлетыка.

Культурна-асветніцкая праграма ўключае ўдзел у конкурсах пластычнага мастацтва, вакальнага і прагляд малых тэатральных форм. У межах Парафіяды адбываюцца між іншым семінары, сустрэчы з прадстаўнікамі культуры, спорту, публічнага жыцця і экскурсіі па гістарычных месцах Варшавы.

Частка “святыня” ахоплівае ўдзел у конкурсах рэлігійных ведаў. Спаборніцтвы завершацца 14 ліпеня ўрачыстай цырымоніяй, пасля якой адбудзецца святая Імша падзякі ў варшаўскім касцёле Божага Провіду.

Кс. Юрый Марціновіч