Skip to main content

Святары-неапрэзбітэры падзякавалі ў Тракелях за дар паклікання

neaprezbitery tr 98 ліпеня падчас ранішняй святой Імшы ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях святары, якія ў апошні час прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне, дзякавалі Богу праз рукі Найсвяцейшай Панны Марыі за дар паклікання да святарства.

Разам з імі дзякаваў за свой юбілей 25-годдзя святарскага служэння кс. Леанід Ладыш.

Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх заклікаў усіх да асаблівай малітвы ў інтэнцыі святароў і іх служэння. Біскуп падкрэсліў, што трэба няспынна спадарожнічаць кожнаму святару сваёй малітвай, каб ён мог годна рэалізаваць сваё пакліканне.

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі, які шмат гадоў быў рэктарам Вышэйшай духоўнай семінрыі ў Гродне і адказным за фармацыю маладых святароў у дыяцэзіі, адзначыў, што гэта сам Бог кліча да служэння ў Касцёле, сам надзяляе чалавека адпаведнымі якасцямі, каб той мог весці людзей да Пана. Кажучы аб тым, чым з’яўляецца пакліканне, іерарх паўтарыў словы святога Яна Паўла ІІ, які казаў, што гэта “дар і таямніца”.

Біскуп Юзаф Станеўскі заклікаў усіх прысутных агарнуць сваімі малітвамі маладых людзей, якія носяць у сабе думкі аб святарскім або манаскім жыцці. “Патрэбна наша малітва, каб маладыя людзі адважна адказвалі на запрашэнне Езуса Хрыста”, - дадаў іерарх. Біскуп выказаў надзею, што і сёлета будуць ахвотныя маладыя людзі, якія распазнаюць голас Бога і прысвецяць сваё жыццё служэнню Яму і святому Касцёлу.

Святая Імша завяршылася прыміцыйным благаслаўленнем, якое ўдзялілі вернікам неапрэзбітэры, ускладаючы намашчаныя далоні на галовы людзей. З глыбокай верай і надзеяй старэйшае пакаленне цалавала далоні маладых святароў, якія толькі распачынаюць сваё служэнне ў Касцёле.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая