Skip to main content

Рэкалекцыі для сем’яў адбыліся ў Пінску

glor 1

З 24 чэрвеня па 1 ліпеня прайшлі рэкалекцыі для сем’яў руху “Gloriosa Trinita” з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Духоўныя практыкаванні ў Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску праводзіў кс. канонік Юзаф Ганьчыц і с. Кацярына Бучынская. У іх прынялі ўдзел больш за 70 дарослых і дзяцей.

Духоўныя практыкаванні сталі для сужэнцаў добрай нагодай аднавіць сямейныя адносіны і паглядзець на сваё жыццё. У атмасферы малітвы, слухання Божага слова, падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту і сустрэчы ў малых групах сужэнцы адкрывалі моц Божай любові і тую каштоўнасць, якую маюць у Яго вачах.

glor 2Атмасфера рэкалекцый спрыяла знаёмству з сапраўднай малітвай, поўнай даверу і веры блізкім адносінам з Богам, прыманню Яго любові. У ходзе канферэнцый удзельнікі пазнавалі сваю місію, да якой былі пакліканы Богам у Яго плане любові, а таксама шлях да яе рэалізацыі. Здзейснілі вандроўку ў глыбіню ўласнага сэрца, каб нанова адкрыць сваю сілу і годнасць, што вынікае з укаранёнасці ў Богу. Гэта быў выключны час дзеяння ў іх душах Святога Духа.

На рэкалекцыях таксама існавала магчымасць аднаўлення сужэнскіх абяцанняў, складзеных у дзень заключэння шлюбу.

Асаблівую падзяку арганізатары і ўдзельнікі рэкалекцый скіравалі рэктару семінарыі ў Пінску кс. Андрэю Рылку за прыняцце, адкрытасць і гасціннасць.

 

Даведка

«Gloriosa Trinita» — міжнародная каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць, якая ўзнікла ў 2000 годзе ў Італіі. Сёння рух распаўсюджаны ў Італіі, Польшчы, Іспаніі, Бразіліі і Беларусі. У Беларусі — амаль 10 гадоў існуе пры парафіі Святой Сям’і ў Лідзе, аб’ядноўвае некалькі сотняў чалавек.

Рух з’яўляецца прыватным таварыствам вернікаў, скіраваным, перш за ўсё, на сем’і і асобаў, прысвечаных Найсвяцейшай Тройцы, якая з’яўляецца прыкладам дасканалай сям’і. Сям’я як вобраз Найсвяцейшай Тройцы — прывілеяванае месца, у якім нараджаецца і развіваецца святасць.

Мэтай руху з’яўляецца ажыўленне веры ў сем’ях, у сэрцах усіх людзей. Яго ўдзельнікі жадаюць увайсці ў праблемы штодзённага жыцця сучаснага чалавека, выходзячы да яго на вуліцы. Сілы да сваёй місіі яны чэрпаюць з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Акрамя ціхай адарацыі, моляцца таксама падчас супольных адарацый з малітвай праслаўлення і спевамі.

Кс. Юрый Марціновіч