Skip to main content

Фэст у Будславе скончыўся актам прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі

budslav 2

1 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе прайшла св. Імша на заканчэнне ўрачыстасцей. Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім літургію цэлебравалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоній Дзям'янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. На ўрачыстасці прыбылі таксама шматлікія духоўныя і свецкія асобы.

budslav 1З гаміліяй да прысутных вернікаў з розных куткоў Беларусі, бліжняга і дальняга замежжа выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх запрасіў сабраных "запісацца ў школу Марыі", каб быць падобнымі да малых пастушкоў з Фацімы, і па іх прыкладзе з даверам прысвячаць сваё жыццё Найсвяцейшай Маці.

Ардынарый звярнуў увагу на тое, што трэба "неадкладна адказваць на заклікі Панны Марыі ў Партугаліі", іначай можа быць позна. "Сёння можам назіраць прапаганду абыякавасці веры, супрацьстаянне хрысціянскім вартасцям. Пануе дыктатура матэрыяльных каштоўнасцей і дабрабыту", – свердзіў арцыбіскуп. Па яго словах, не трэба "заігрываць са злым духам". Варта прычыніцца да фацімскага паслання, праз якое Маці Божая абяцае ўратаваць свет і кожнага чалавека. "Хто, як не мы? Калі, як не сёння?" – падсумаваў ардынарый.

budslav 3Пасля св. Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія разам з фігурай Маці Божай Фацімскай.

Затым арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Гэтая падзея была прымеркавана да 100-годдзя аб'яўленняў Маці Божай у Партугаліі.

budslav 4Напрыканцы ўрачыстасці сваё слова да сабраных скіраваў Апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр. Ён выказаўся аб тым, што рады прысутнічаць на будслаўскім фэсце. Падзякаваў усім прысутным за прыгожае сведчанне веры і паабяцаў, што перакажа Папе Францішку, якая духоўная моц – у сэрцах беларускіх вернікаў.

Завяршылася ўрачыстасць гімнам праслаўлення ў гонар Маці Божай.

Ангеліна Пакачайла