20 чэрвеня, у другі дзень Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, адбыліся музычныя конкурсы "Sacro Song" і "Музыка маім жыццём", у якіх удзельнічалі самыя таленавітыя хлопцы і дзяўчаты.
Усе нумары былі запамінальнымі і прыгожымі, з танцамі і касцюмамі. Удзельнікі стараліся заваяваць сімпатыю журы, бо канкурэнцыя на конкурсах была сур'ёзная. Але і для журы выбраць лепшага выканаўцу было нялёгка.
С. Ірына Барцэвіч FMA, якая была адным з членаў журы, адзначае, што без сумневаў, судзіць любы конкурс заўсёды цяжка. "У гэтым годзе было вельмі шмат удзельнікаў, усе яны адрозніваюцца адзін ад аднаго, кожны мае сваю тэхніку падачы песні, свой голас, сваю індывідуальнасць. І трэба было кожнага ацаніць па вартасці", - дзеліцца сваім досведам у судзействе с. Ірына.
Манахіня дадае, што седзячы ў журы, яна сапраўды дзівілася, наколькі ўсе ўдзельнікі творчыя, аднак заўважыла, што ў некаторых яшчэ не развітая здольнасць паказваць свае таленты, дадзеныя Богам, іншым людзям. "Да таго ж, новая сцэна, вялікая аўдыторыя, усё гэта адбiвалася на ўдзельніках", - дадае сястра.
Наогул, с. Барцэвіч прызнаецца, што яна прыхільніца таго, каб кожны ўдзельнік атрымаў узнагароду або памятны прыз, таму што конкурс - гэта заўсёды барацьба, і задаволіць усіх проста немагчыма. "Са свайго боку магу шчыра сказаць, што я намагалася ацаніць кожнага згодна крытэрыям конкурсаў і пры гэтым быць міласэрнай да ўсіх. Я лічу, што трэба не абразаць дзецям крылы, а наадварот, падтрымліваць і даваць штуршок для развіцця", - дадае с. Ірына.
Жадаем удзельнікам Парафіяды поспехаў і новых перамог!
Вікторыя Бурч