20 чэрвеня, другі дзень Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, удзельнікі правялі ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Пасля Св. Імшы іх чакаў конкурс ведаў "Жыццё і гісторыя Касцёла", а таксама біблійны конкурс.
У сваіх катэгорыях дзеці і моладзь пісалі тэсты, адказвалі на пытанні, якія былі звязаны з Бібліяй і жыццём Касцёла. Некаторыя ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі:
"Заданні ў гэтым годзе былі няпростыя, але ў той жа час цікавыя. На такіх конкурсах у кожнага ёсць выдатная магчымасць праверыць свае веды аб Касцёле і Святым Пісанні", - кажа Анастасія Пуляк з парафіі Св.Сям'і ў Лідзе.
Яўген Кулікоўскі і Уладзіслаў Крупа з парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах адзначаюць, што, каб выйграць у рэлігійным конкурсе, неабходна вельмі добра рыхтавацца, усё вучыць і чытаць. Толькі тады можна дасягнуць высокіх вынікаў. Галоўнае было засяродзіцца і ўсё ўспомніць, запэўніваюць хлопцы.
"Для мяне наогул гэты конкурс з'яўляецца самым цікавым. Тут ты можаш паказаць свае рэальныя веды, тым больш, што ўсё было сапраўды справядліва. Мы сядзелі і адказвалі на пытанні, а валанцёры за намі назіралі і сачылі за парадкам у аўдыторыі, а значыць, не было магчымасці нешта падглядзець у інтэрнэце. І гэта, я лічу, правільна ", - прызнаецца Аўгусцін Муліца з лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара).
Далей дзеці і моладзь прымалі ўдзел у музычных і спартыўных спаборніцтвах.
Вікторыя Бурч