5 мая ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў дзень засяроджання. Духоўныя практыкаванні дазволілі семінарыстам цалкам акунуцца ў атмасферу малітвы, цішыні і засяроджанасці, каб глыбей пазнаць саміх сябе, паглядзець на сваё жыццё з адлегласці і аднавіць сувязь з Хрыстом.
Гэтым разам дзень засяроджання правёў кс. Андрэй Зноска - пробашч лідскай парафіі Божай Міласэрнасці, які падзяліўся з семінарыстамі ўласным досведам святарскага служэння. Падчас духоўных канферэнцый рэкалекцыяніст закрануў тэмы, якія найбольш хвалююць сучаснага вучня Хрыста.
"Час духоўных практыкаванняў стаў для нас хвілінамі шчырасці з Богам, якія, спадзяемся, дапамогуць кожнаму з нас распазнаваць свой непаўторны жыццёвы шлях і няспынна сузіраць блізкасць Бога ў штодзённым жыцці", - адзначыў адзін з клерыкаў.
Кл. Яўген Амосенак