З 1 па 4 сакавіка клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне перажывалі велікапосныя рэкалекцыі, якія сёлета правёў кс. Валерый Быкоўскі. Падчас духоўных практыванняў рэкалекцыяніст паступова ўводзіў будучых святароў у таямніцу сакраманту хросту, якая з’яўляецца невычэрпнай крыніцай усяго хрысціянскага жыцця. Кс. Валерый таксама падзяліўся з семінарыстамі ўласным досведам рознабаковага святарскага служэння.
"Велікапосныя рэкалекцыі - гэта бясцэнны Божы дар для тых, хто шчыра прагне паглыбіць свае асабістыя адносіны з Хрыстом і няспынна спрабуе ў цішыні свайго сэрца пачуць Яго далікатны голас. Гэта таксама час, які дазваляе паглядзець на сябе і свайго бліжняга вачыма, поўнымі бескарыслівай любові і Айцоўскага прабачэння", - адзначыў адзін з клерыкаў.
***
Семінарысты ад усяго сэрца дзякуюць кс. Валерыю за прысвечаны ім час і прагненне дзяліцца самым каштоўным скарбам у жыцці кожнага святара – досведам асабістага спаткання з Хрыстом.
кл. Яўген Амосенак