Skip to main content

Візіт Апостальскага Нунцыя ў парафію Найсвяцейшага Адкупіцеля: “Беларусь чакае Папу!” (+відэа)

nuncyj dziewiatouka 15 сакавіка арцыбіскупа Габара Пінтэра прывіталі ў гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля (мікрараён Дзевятоўка). На сустрэчу з дыпламатычным прадстаўніком Папы прыбылі некалькі тысяч чалавек.

У парафіі на Дзевятоўцы важнага госця сустракалі ватыканскімі флажкамі. Нунцый быў узрушаны такім жэстам. Іерарх з радасцю вітаў сабраных у святыні людзей.

 


Прывітанне Апостальскага Нунцыя ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля

 

З прывітальным словам да арцыбіскупа Габара звярнуліся дзеці і моладзь. Яны падзякавалі Нунцыю за душпастырскі візіт, які, па іх словах, павінен узмацніць сувязь мясцовых вернікаў з заступнікам св. Пятра і Паўсюднага Касцёла.

Пасля прывітання распачалася св. Імша, якую на беларускай мове цэлебраваў сам Апостальскі Нунцый. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі парафіяльнага тэатра св. Яна Паўла ІІ, дэлегацыі скаўтаў і душпастырства чыгуначнікаў. Ганаровая варта са штандарамі ўпрыгожвала ўрачыстую літургію.

nuncyj dziewiatouka 6

У гаміліі, разважаючы над літургічнымі чытаннямі першай нядзелі Вялікага посту, дзе гаворыцца пра спакусы і барацьбу са злым духам, арцыбіскуп Габар Пінтэр адзначыў: “Мы маем шматлікія дары, здольнасці, якія могуць нам прынесці вялікія выгады. Аднак, калі мы будзем іх выкарыстоўваць выключна дзеля ўласнай карысці, то будзем узрастаць у эгаізме, а гэта не адпавядае Божым планам. Тады нашае жыццё стане бясплодным, бо мы не выбралі правільнага накірунку”.

 


Гамілія Апостальскага Нунцыя падчас візіту ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля

 

“Заўсёды неабходна выкарыстоўваць толькі сумленныя сродкі, каб дасягнуць сумленнай мэты. Гэта адзіны шлях, каб развівацца і дасягнуць нашай сапраўднай мэты, – звярнуў увагу Апостальскі Нунцый. – Нашая мэта – гэта жыццё ў шчодрай любові (…), гэта служыць Богу ўсім сэрцам і ўсімі сіламі, жывучы ў любові да Яго і бліжняга”. “Мы разважаем над барацьбой Езуса са спакусамі, каб быць унутрана ўмацаванымі ў вядзенні велікапоснай барацьбы”, - дадаў іерарх.

nuncyj dziewiatouka 16

Напрыканцы Нунцый падзякаваў прысутным за супольнае святкаванне нядзелі. Арцыбіскуп адзначыў, што ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ён убачыў два касцёлы: прыгожую святыню, пабудаваную вернымі, і парафіяльную супольнасць – “Касцёл, які ствараем разам”.

Адным з падарункаў для важнага госця былі дзве сімвалічныя “маргарыткі”, уручаныя Апостальствам малітвы за святароў. Адна з іх была прызначана для Пантыфіка. Яе малітоўнае кола папрасіла перадаць Святому Айцу. Другая была для самога Нунцыя. “Маргарытка” з Дзевятоўкі паабяцала штодзённа маліцца за арцыбіскупа.

Прысутныя хорам заклікалі: “Беларусь чакае Папу!”. Быў узняты плакат з гербам горада. Арцыбіскуп Габар Пінтэр запэўніў сабраных у трох рэчах. Па-першае, Святы Айцец добра ведае гісторыю народа, таму перажывае ўсе цяжкасці разам з ім. Па-другое, Касцёл у Беларусі моцны, жывы. “Я абавязкова перадам Папу Францішку тое, што ўбачыў, – адзначыў арцыбіскуп Габар. – Буду дзяліцца сведчаннем вашай веры з усімі, каго сустрэну ў Ватыкане”. Па-трэцяе, Нунцый падкрэсліў, што бачыць, як у Беларусі чакаюць візіту Святога Айца. Таму іерарх запрасіў верных да малітвы ў гэтай інтэнцыі, а са свайго боку паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб гэтая падзея адбылася.

Тэкст: Ангеліна Пакачайла

Фота: Ангеліна Пакачайла і кс. Юрый Марціновіч