Skip to main content

Арцыбіскуп Габар Пінтэр сустрэўся з навучэнцамі і выкладчыкамі катэхетычных курсаў у Гродне: “Адвагі!” (+відэа)

pinter nuncyj 14 сакавіка ў межах свайго візіту ў Гродна Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр сустрэўся з навучэнцамі і выкладчыкамі катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі. Сустрэча прайшла ў будынку курыі.

 

Cустрэча Апостальскага Нунцыя з навучэнцамі і выкладчыкамі катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі

 

Навучэнцы падчас спаткання адзначылі, што праз паглыбленне праўдаў веры на катэхетычных курсах стараюцца ўзрастаць у Божай ласцы, а ў будучыні – быць добрымі і руплівымі катэхетамі.

pinter nuncyj 2

“Вучыць жыць у сяброўстве з Хрыстом”

Нунцый звярнуўся да прысутных з прамовай, у якой адзначыў ролю катэхетаў.

Як сказаў іерарх, звяртаючыся да навучэнцаў, сам факт іх вучобы на гэтых курсах сведчыць пра іх “духоўную сталасць, пра жаданне глыбей пазнаць праўды веры, каб пазней мудра дзяліцца імі”. Таксама, па словах арцыбіскупа, гэта “сведчанне сталасці веры сем’яў і парафіяльных супольнасцяў”, з якіх паходзяць навучэнцы курсаў.

pinter nuncyj 5

“Быць катэхетам – гэта вучыць жыць. Вучыць жыць, як належыць хрысціяніну. Вучыць жыць у сяброўстве з Хрыстом, бо толькі Ён можа падарыць паўнату жыцця”, - адзначыў прадстаўнік Папы.

“Быць катэхетам, а не працаваць катэхетам”

“Памятайце, што вашае пакліканне можа быць цяжкім. Гэта цяжкая праца, якая будзе забіраць у вас шмат часу. Не заўсёды будзеце бачыць жаданыя выклікі. Але выхоўваць у веры – гэта прыгожы дар. Найлепшая спадчына, якую можам перадаць, - гэта вера”, - падкрэсліў іерарх.

“Неабходна быць катэхетам, а не працаваць катэхетам. Калі ты збіраешся толькі працаваць катэхетам, то гэта не мае сэнсу, - звярнуў увагу арцыбіскуп. – Быць катэхетам азначае дазволіць Богу задзейнічаць усё нашае жыццё. (…) Гэта павінна стаць стылем жыцця”.

pinter nuncyj 3

Апостальскі Нунцый дадаў, што “быць катэхетам азначае даваць сведчанне веры, самому весці жыццё, згоднае з навукай Хрыста”.

Іерарх адзначыў таксама неабходнасць цярплівасці ў гэтай дзейнасці. “Адзін выхаваўца паўтараў, што плён нашай працы будзе бачны падчас смерці нашых выхаванцаў, - сказаў арцыбіскуп. – Мы збіраем плён працы катэхетаў, якія працавалі да нас”.

“Тое, да чаго вы рыхтуецеся, з’яўляецца вельмі важным і мае сэнс. Адвагі!” – пажадаў будучым катэхетам прадстаўнік Святога Айца.

pinter nuncyj 8

Пасля адбыўся дыялог Нунцыя з навучэнцамі. Не абыйшлося без цікавячай многіх тэмы візіту Папы Францішка ў Беларусь. Арцыбіскуп сказаў, што трэба верыць, спадзявацца і чакаць, а таксама, як дадаў, спадзяецца, што гэты візіт у Беларусь адбудзецца яшчэ падчас яго дыпламатычнай місіі ў нашай краіне.

papa

pinter nuncyj 6

pinter nuncyj 7

Навучэнцы курсаў пыталіся і пра пакліканне арцыбіскупа Габара Пінтэра да святарства, пра моцныя бакі нашага Касцёла і тое, якія выклікі перад ім стаяць.

Катэхетычныя курсы пры Гродзенскай курыі існуюць з 1990 года. За ўвесь гэты час іх скончыла больш за 400 чалавек, якія катэхізуюць у Гродзенскай і іншых дыяцэзіях Беларусі. Падрыхтоўка катэхетаў працягваецца тры з паловай гады.

pinter nuncyj 10

(JM), (AG)

Фота: Ангеліна Пакачайла