4 сакавіка ў межах свайго візіту ў Гродзенскую дыяцэзію Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр сустрэўся з навучэнцамі і выкладчыкамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Сустрэча Апостальскага Нунцыя з выкладчыкамі і навучэнцамі семінарыі
Вітаючы прадстаўніка Святога Айца, рэктар семінарыі кс. Раман Рачко сказаў, што Касцёл на Гродзеншчыне ганарыцца тым, што сёння ёсць пакліканні да святарства.
На дадзены момант у гродзенскай семінарыі каля 30 навучэнцаў, якія рыхтуюцца да прыняцця пасвячэння.
“Мы вельмі рады, што ў нас ёсць пакліканні, ёсць тыя, хто хоча служыць Богу і людзям”, - сказаў рэктар.
“Блізкае знаёмства з Хрыстом – фундамент святарскага жыцця”
Нунцый падчас сустрэчы звярнуўся да навучэнцаў семінарыі. Арцыбіскуп сказаў: “Вы “выбраныя” асаблівым чынам па прычыне таго, што атрымалі дар і заданне стаць, як апосталы, бачнымі супрацоўнікамі Уваскрослага Збаўцы”.
“У сяброўстве адзін адкрываецца другому, не маючы ніякіх таямніцаў. Гэтае адкрыццё на іншага не нясе нейкай халоднай, безасабовай інфармацыі. Сябар разумее, прымае, бароніць свайго сябра, па-сапраўднаму раздзяляе яго жыццё. Наш Пан заклікае нас менавіта да такога сяброўства з Ім. Ён жадае, каб мы былі Яго аднадумцамі. Насамрэч, вы ўжо з’яўляецеся аднадумцамі Хрыста праз той просты факт, што прынялі Яго заклік, адказаўшы на пакліканне. Памятайце, аднак, што Ён кліча вас да пастаяннага паглыблення гэтых адносін сяброўства і даверу”, - адзначыў іерарх.
“Гэтае блізкае знаёмства з Хрыстом з’яўляецца фундаментам кожнага святарскага жыцця. Медытацыя і малітва з’яўляюцца незаменнымі інструментамі, каб рэалізаваць гэтую лучнасць, - звярнуў увагу прадстаўнік Папы. - Святар толькі тады зможа эфектыўна здзяйсняць сваё служэнне Богу і Касцёлу, калі будзе пастаянна заглыбленым у разважанні над таямніцай бязмежнай Божай любові”.
“Касцёлу патрэбны “сябры Хрыста”, здольныя сведчыць праз служэнне”
“Святар, будучы паяднаным са сваім нябесным Сябрам, дзякуючы гэтым адносінам, пазнаючы самога сябе, знойдзе моц, каб адмовіцца ад уласнай сям’і, багацця, кар’еры на карысць служэння пакліканню, якім адарыў яго Бог, - дадаў Апостальскі Нунцый. - Не чыноўнікаў, не адміністратараў ці мэнэджэраў патрабуе Касцёл, асабліва сённяшні, але сапраўдных “сяброў Хрыста”, здольных сведчыць праз самаадданае служэнне, якое не выключае ніводнай асобы”.
“Езус не чакае, што людзі прыйдуць да Яго, Ён сам ідзе да іх, а перад сабой высылае сваіх апосталаў. Дарагія браты, ужо сёння трэба вучыцца пракладваць дарогу Езуса да сэрцаў іншых людзей”, - падкрэсліў арцыбіскуп.
“Вучыцеся любіць людзей, знаходзьце час для іншага чалавека”
Нунцый заклікаў семінарыстаў звярнуць увагу на “аўтэнтычнасць адносін з Богам, з самім сабой і з іншымі людзьмі”. “Адкідайце павярхоўнасць і спакусу жыць напаказ. Не бойцеся станавіцца ў праўдзе перад самімі сабою, называючы рэчы сваімі імёнамі, - сказаў іерарх. - Бог дае вам настаўнікаў. Калі будзеце давяраць ім, Ён зможа дзейнічаць праз іх. Толькі будучы духоўнымі дзецьмі, зможаце навучыцца быць духоўнымі айцамі, а гэта тое, да чаго вы пакліканы і чаго ад вас чакае свет”.
“Вучыцеся любіць людзей. Знаходзьце час для іншага чалавека. Узрастайце ў здольнасці і жаданні слухаць іншага. Цікаўцеся жыццём іншага чалавека, раздзяляючы яго радасці і трывогі, - параіў семінарыстам арцыбіскуп. - Добра выкарыстайце час вучобы ў семінарыі. Праз старанную навуку зможаце знайсці магчымыя рашэнні шматлікіх актуальных праблем сучаснага чалавека”.
“Часамі жыццё святара можа здавацца самотным і перапоўненым мноствам разнастайных справаў. Адзіная і найлепшая гарантыя вернасці выбранаму шляху – гэта асабістая лучнасць з Хрыстом, еднасць з братамі ў святарстве і дыяцэзіяльным біскупам, - заўважыў Апостальскі Нунцый. - У семінарыі вам дадзена цудоўная магчымасць жыць у супольнасці і будаваць гэтую супольнасць”.
Пасля Апостальскі Нунцый адказаў на скіраваныя да яго пытанні. Між іншым, іерарх даў выкладчыкам і выхавацелям семінарыі парады, як сёння трэба выхоўваць будучых святароў.
“Без добрых адносін з Хрыстом нельга быць добрым святаром”
Арцыбіскуп падкрэсліў, што семінарыстам трэба таксама вучыцца самастойна. “Веды, якія атрымоўваеце ў семінарыі, - гэта важна, але гэта толькі фундамент, каб будаваць будынак”, - сказаў Апостальскі Нунцый.
Асаблівую ўвагу арцыбіскуп звярнуў на будаванне асабістых адносін з Езусам, на развіццё асабістай духоўнасці. Семінарыя, па словах іерарха, - ідэальнае асяроддзе для гэтага. “Хто не здольны стварыць гэтых асабістых адносінаў з Хрыстом у семінарыі, не створыць іх пасля ў святарстве”, - сказаў Нунцый, дадаўшы, што без добрых адносін з Хрыстом нельга быць добрым святаром.
Прадстаўнік Папы адзначыў важнасць таго, каб “быць радаснымі святарамі, каб гэтых радасных святароў бачылі іншыя”, “быць здольным прапаведваць найперш сваім жыццём, а пасля - пры дапамозе слоў”.
Іерарх дадаў, што “ў руках святароў знаходзяцца ключы да паклікання”. Калі малады чалавек бачыць добрага святара, які жыве цалкам для Бога, - гэта прыцягвае, адзначыў Апостальскі Нунцый.
Таксама арцыбіскуп адказаў на пытанне аб тым, ці магчымы візіт Папы Францішка ў Беларусь. “Магчымасць і надзея ёсць”, - сказаў іерарх, дадаўшы, што робіць усё магчымае, каб гэты візіт адбыўся, і просіць аб малітве ў гэтай інтэнцыі.
(JM), (AG)
Фота: Ангеліна Пакачайла