2 сакавіка ў гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) адкрылася выстава, прысвечаная памяці арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага. З 1926 па 1944 гг. ён быў Мітрапалітам Віленскай архідыяцэзіі, у склад якой у той час уваходзілі землі Гродзеншчыны. Ініцыятарам экспазіцыі выступіў Інстытут Нацыянальнай Памяці ў Беластоку.
Адкрыццё выставы папярэдзіла св. Імша, у якой прынялі ўдзел айцы рэдэпмтарысты, прадстаўнік Гродзенскай курыі кс. Аляксандр Мацкевіч, Генеральны консул РП у Гродне Яраслаў Ксёнжэк і прадстаўнікі беластоцкага Інстытуту Нацыянальнай Памяці.
Пасля набажэнства прысутным у святыні вернікам наблізілі постаць арцыбіскупа Р. Ялбжыкоўскага.
Паводле слоў консула Я. Ксёнжэка, "Мітрапаліт Віленскі моцна спрычыніўся да развіцця архідыяцэзіі. Паміж іншым, прывёў на яе тэрыторыю новыя манаскія супольнасці, стварыў дыяцэзіяльную друкарню, заснаваў Інстытут вышэйшых рэлігійных ведаў, з асаблівай заклапочанасцю падыходзіў да дабрачыннай дзейнасці арганізацыі "Карытас".
У перыяд Другой сусветнай вайны арцыбіскупа двойчы арыштоўвалі савецкія і нямецкія ўлады, але нязломны характар дазволіў яму "ўваскрасіць" рэлігійнае жыццё ў дыяцэзіі ў новай пасляваеннай сітуацыі".
Выстава будзе працягвацца да 17 сакавіка.
JM