Skip to main content

Папяльцовая серада ў гродзенскай катэдры: адкрыць сэрцы на патрэбы братоў

papialcovaja 81 сакавіка Папяльцовай серадой пачаўся чарговы Вялікі пост. Для хрысціян гэта час пакаяння, калі Касцёл асаблівым чынам заклікае да практыкавання ўчынкаў, якія служаць навяртанню сэрцаў.

У гэты дзень біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. На пачатку Імшы біскуп пажадаў прысутным, каб саракадзённы час велікапоснага пакаяння стаў добрай нагодай яшчэ больш наблізіцца да Бога, багатага міласэрнасцю, абвяшчаць і спаўняць яе ў дачыненні да ўсіх, хто ў патрэбе.

Іерарх заахвоціў да таго, каб у велікапоснай чуйнасці была малітва, захаванне посту і адкрыццё сэрцаў на патрэбы братоў. Таксама гродзенскі ардынарый заклікаў да разважання ў гэты час над Божым словам і ўзірання разам з Маці Божай у крыж Збаўцы, каб на заканчэнне гэтага перыяду з чыстым сэрцам і адноўленым духам перажываць радасць велікодных святаў.

papialcovaja 1

Гамілію прамовіў кс. Аляксандр Мацкевіч, натарыус Гродзенскай курыі. Святар нагадаў, што перыяд Вялікага посту – духоўная падрыхтоўка да ўрачыстасці Уваскрасення Пана.

“Наша зямное жыццё прамінае, таму належыць больш клапаціцца аб тым, што з’яўляецца непрамінальным, аб справах вечнасці”, - сказаў кс. Мацкевіч, дадаўшы, што Бог паклікаў кожнага чалавека да вечнага жыцця.

Па словах святара, час посту павінен стаць часам навяртання для кожнага, значыць прызнання ў граху, усведамлення, што мы маем патрэбу ў Божай міласэрнасці і прабачэнні, узбуджэння ў сабе суму па жыцці ў ласцы і сяброўстве з Богам.

Святар нагадаў таксама пра той належны кірунак, якім з’яўляюцца тры пакутныя практыкі: малітва, пост і міласціна – сродкі, якія павінны дапамагчы чалавеку ў аднаўленні адносін з Богам.

Прамаўляючы словы «Навяртайцеся і верце ў Евангелле», біскуп Аляксандр Кашкевіч здзейсніў абрад пасыпання галоваў вернікаў попелам.

papialcovaja 5

Пасыпанне галоваў попелам на пачатку Вялікага посту – заклік да пакаяння і навяртання. Попел указвае на тое, што ўсё матэрыяльнае і часовае прамінае, а Бог з’яўляецца вечным, Ён адарыў людзей несмяротнай душой і абяцаў вечнае шчасце ў небе.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Пакачайла