Skip to main content

Трэнер святароў па міні-футболе: “У камандзе сабраны ўдумлівыя гульцы”

charvatyja 3У бліжэйшую нядзелю зборная Беларусі па міні-футболе адправіцца ў Харватыю на чэмпіянат Еўропы сярод святароў. Падрыхтоўка да спаборніцтва трывала з восені мінулага года. Па панядзелках святары рэгулярна збіраліся ў спартыўна-аздараўленчым комплексе “Алімпія” ў Лідзе. Пра якасць гульні і шансы на перамогу распавядае трэнер футбольнай каманды, кіраўнік міні-футбольнага клуба “Лідсельмаш” Андрэй Багдзевіч.

charvatyja 6

Трэніроўкі звычайна праходзілі “ўнутры” каманды або запрашалі гасцей?

Некалькі таварыскіх гульняў правялі з камандай горада Шчучына.

Ці ёсць у зборнай прафесійныя спартсмены?

Не. Але ўсе вельмі любяць спорт, таму і гуляюць у міні-футбол.

charvatyja 4

Можаце вылучыць у камандзе бамбардзіраў?

Кожны з гульцоў можа забіць гол у вароты суперніка. Наша моц – у камандных дзеяннях.

Здараецца, што святары фаляць?

Канешне! Гульня без эмоцый – несапраўдная. У любых спаборніцтвах спартсмен імкнецца да перамогі. Не выключэнне і наша каманда. Гульцы стараюцца выкладвацца на ўсе 100%. Іначай дасягнуць мэты не атрымаецца.

Як святары адносяцца да заўваг трэнера?

Рэагуюць вельмі добра. Прыслухоўваюцца і імкнуцца адразу выправіцца. Наогул, трэніраваць каманду святароў – адно задавальненне. Усе гульцы дакладна ведаюць, што ад іх патрабуецца, і з запалам імкнуцца да дасягнення пастаўленай мэты.

charvatyja 1

Для гульні ў футбол патрэбна хуткасць, сіла і майстэрства. У чым перавага нашых спарсменаў?

У камандзе святароў сабраны ўдумлівыя гульцы. Футбол – разумная ігра. Да таго, нашы спартсмены валодаюць усімі неабходнымі якасцямі. Кожны гулец нашай каманды з’яўляецца значнай яе часткай. Не важна, гуляе ён зараз на пляцоўцы або знаходзіцца на замене. Усе 13 чалавек для мяне – асноўныя, і ў любы момант гатовыя выйсці на пляцоўку, каб паказаць выдатны вынік. Упэўнены, у нас вельмі добрая каманда.

charvatyja 2

Як спорт здольны змяніць чалавека?

Па-першае, спорт разівае асобу. Па-другое, дысцыплінуе. Па-трэцяе, садзейнічае здароваму ладу жыцця.

Як думаеце, матывацыя ў святароў нічым не адрозніваецца ад матывацыі спартсменаў?

Калі нашы футбалісты выходзяць на пляцоўку, яны памятаюць, што ў першую чаргу з’яўляюцца гульцамі, і толькі потым – святарамі. Але матывацыя ў святароў-футбалістаў, мне здаецца, нават большая. Яны – прыклад для людзей, якія на іх глядзяць. Словам і справай святары дэманструюць праз спорт добрыя каштоўнасці і ідэю здаровага – духоўна і фізічна – грамадства.

Лепшы вынік каманды на міжнародным чэмпіянаце?

У 2014 годзе на “хатнім” чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у Лідзе, наша каманда заняла 4 месца. У мінулым годзе ў Славакіі ўзялі 6 месца.

Як ацэньваеце сёлетнія шансы на перамогу? На каго робіце стаўкі?

Шмат чаго будзе залежыць ад жараб’ёўкі. Фавараты ўсё тыя ж. На чэмпіянаце тон задаюць 4 каманды – Партугалія, Польшча, Боснія і Герцагавіна і Харватыя. Гэтыя каманды вылучаюцца майстэрствам. Астатнія – прыкладна аднаго ўзроўню. У мінулым годзе асабіста мне больш спадабалася зборная Партугаліі. Вельмі моцная каманда, тэхнічная, хуткая, з добрым тактычным малюнкам і, самае галоўнае, іх гульня падабацца гледачам. У гэтым годзе наша зборная пастараецца выступіць лепш, чым у мінулым. Спадзяемся, у нас атрымаецца.

Поспехаў!

charvatyja 5

Састаў беларускай каманды святароў па міні-футболе на чэмпіянаце Еўропы 2017

кс. Павел Салабуда, Гродна

кс. Артур Малафей, Гродна

кс. Андрэй Кеўлюк, Ішчална

кс. Ян Рушніцкі, Каробчыцы

кс. Андрэй Лішко, Гродна

кс. Аляксандр Фядотаў, Гродна

кс. Юрый Гурскі, Ліда

кс. Андрэй Скамарошка,Гродна

кс. Артур Валчкевіч, Смаргонь

кс. Ян Кузюк, Ашмяны

кс. Юрый Ясевіч, Астравец

кс. Дзмітрый Несцер, Геранёны

кс. Дзяніс Бразінскі, Смаргонь

 

Ангеліна Пакачайла