Skip to main content

Гурт "OPEN" дэбютаваў на фестывалі хрысціянскай музыкі "Дастукацца да нябёсаў"

ddn 3Моладзевы гурт “OPEN” упершыню выступіў на фестывалі хрысціянскай музыкі “Дастукацца да нябёсаў”, які ў шосты раз прайшоў у Баранавічах. Гродзенскую дыяцэзію таксама прадставіў семінарыйны гурт “Ave”. У фестывалі, які адбыўся 11 лютага, прынялі ўдзел і такія музычныя калектывы, як: "Небасхіл", "Step Project", "Подых Духа" і "Рыбы". 

ddn 4

Дэбютны выступ “OPEN”, нягледзячы на хваляванне яго ўдзельнікаў, "запаліў" увесь зал творамі "Ты маё жыцё", "Боже, у Твоих дверей" і "Ты Госпад мой". "Калі стаялі на сцэне, здавалася, што “правалілі” выступ, але пасля - адчулі шмат прыемных водгукаў. У любым выпадку атрымаць зарад пазітыўных эмоцый і напоўніцца Святым Духам атрымалася", - адзначыла салістка гурта Вераніка.

ddn 1

У гэтым годзе дэвізам фестывалю былі абраны словы з Евангелля паводле Яна “Каб усе былі адно”. Цытата дакладна перадае атмасферу, якая панавала на канцэрце: супольная малітва і спеў залы ва ўнісон з выступоўцамі дазволілі адчуць сапраўднае хрысціянскае адзінства.

Ганна Таўрэль, парафія св. Францішка Ксаверыя ў Гродне

ania"Я не прапусціла аніводнага фестываля. ДДН - гэта не проста дэманстрацыя музычных талентаў. Тут збіраюцца людзі, якія хочуць падзякаваць Богу за свае здольнасці і распавесці кожнаму пра бязмежную любоў Хрыста.

Выступы гуртоў я слухала на адным дыханні і ўпэўнена, што яны пакінулі мноства прыемных момантаў у памяці кожнага прысутнага на канцэрце. Дзякуй Богу за магчымасць "дакрануцца" да якаснай музыкі і сустрэцца са сваімі сябрамі і знаёмымі".

кл. Раман Вайцяховіч, гродзенская ВДС

kl.roma

"У фестывалі "Дастукацца да нябёсаў" я прымаў удзел упершыню. Хачу асобна адзначыць евангелізацыйны праект "Рыбы". Мяне моцна закранула іх песня "Слаўлю Цябе". Веру ў тое, што Езус быў праслаўлены ў гэты вечар "сэрцам усім, душою, целам" кожнага прысутнага. Вялікі дзякуй арганізатарам за магчымасць праслаўляць нашага Збаўцу ў такім незвычайным стылі. Дзякуй моладзі за гэты музычна-малітоўны шторм неба. Маю надзею, мы дастукаліся!".

Арганізатары традыцыйна падрыхтавалі для сабраных адмысловыя сюрпрызы. Відэа-успамін пра пілігрымку “Баранавічы-Будслаў”, майкі з фацімскай тэматыкай і спеў “Powołania”, які разам на сцэне выканалі ўсе прысутныя ў зале дыяканы і клерыкі.

ddn 2

Фестываль "Дастукацца да нябёсаў" дазваляе пазнаёміцца з хрысціянскай музыкай розных накірункаў. Ён штогод збірае больш за 1000 чалавек рознага ўзросту і канфесій з усіх куткоў Беларусі.

А. Марцішэўская

Фота: Андрэй Буйніцкі