Першы канцэрт класічнай музыкі на адноўленым 200-гадовым аргане адбыўся 11 лютага ў навагрудскай парафіі Св. Міхала Арханёла. Падчас канцэрту прагучалі творы Баха, Моцарта, Альбіноні, Гендэля, Качыні, Агінскага і інш.
Хвіліны духоўнай музыкі падарылі навагрудчанам арганіст касцёла Святой Тройцы ў Гервятах Андрэй Міхневіч, піяніст Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Музыкантаў, кіраўнік жаночага музычнага праекта "Бон Ваяж" Вольга Перагуд, а таксама арганіст Яўгеній Пяцельчыц і яго вучаніца Ірына Букіна.
"Рэпертуар для канцэрту падбіралі разам: у кожнага даволі шмат свайго напрацаванага матэрыялу, – распавяла Вольга Перагуд. – Вядома, калі рыхтуешся да выступу ў святыні, то ў першаю чаргу думаеш пра духоўную музыку. Падчас канцэрту ты не проста выконваеш песню, а ўнутрана молішся".
"Для Навагрудка гэты канцэрт - сапраўды значная падзея. Мне вельмі прыемна, што Касцёл жыве не толькі рэлігійным жыццём, але і свецкім, і падобныя культурныя мерапрыемствы могуць наведваць людзі рознага веравызнання. Арган дае магчымасць не проста атрымаць асалоду ад музыкі, але і адчуць прысутнасць Бога. Упэўнена, кожны слухач пакідаў храм з узнёслым настроем і толькі прыемнымі ўражаннямі", - адзначыла адна з удзельніц канцэрта Тамара Вяршыцкая.
Пасля выступу піяніст Аляксандр Музыкантаў даў добрую ацэнку як стану аргана, так і якасці яго гучання. Ксёндз Юрый падзякаваў артыстам за тое, што адгукнуліся на запрашэнне і стварылі для навагрудчан сапраўднае свята. Ён выказаў надзею, што падобныя канцэрты будуць ладзіцца ў касцёле пастаянна.
Даведка:
Навагрудскі "кароль інструментаў" пасля заканчэння рэстаўрацыі быў асвечаны біскупам Аляксандрам Кашкевічам у красавіку мінулага года. Ён з'яўляецца адзіным дзеючым арганам на некалькі раёнаў вобласці.
Анастасія Пятрова НЖ