17 снежня харцэры прывязуць у Гродна Віфлеемскі Агонь, які ім перададуць на мяжы з Польшчай. У Гродна Віфлеемскі Агонь прыбудзе а 15.00 гадзіне, у гродзенскай катэдры прыме яго і адправіць св. Імшу ксёндз пробашч Ян Кучынскі. У мінулым годзе Віфлеемскі Агонь павандраваў з Катэдры па ўсім Гродне і па Беларусі, а потым – у Маскву. У гродзенскай катэдры Віфлеемскі Агонь будзе знаходзіцца да Трох Каралёў. Кожны вернік – праваслаўны ці католік – можа ў гэты час прыйсці ў базіліку, каб запаліць ад яго сваю лампадку ці свечку і занесці Віфлеемскі Агонь у свае дамы. Няхай гэты агонь будзе таксама на нашых сталах падчас каляднай вячэры на знак таго, што Хрыстос, які з’яўляецца Святлом для кожнага з нас, асвячае нас і вядзе. У свята Божага Нараджэння нашых праваслаўных братоў Віфлеемскі Агонь будзе перададзены ў гродзенскі праваслаўны сабор.