Skip to main content

У Сапоцкіне адзначылі парафіяльны Дзень хворых: цярпенне чалавека – дар для Касцёла

dzen chworych 511 лютага, калі ў Паўсюдным Касцёле адзначаецца Сусветны дзень хворых, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне арганізавала для ўсіх людзей пажылога ўзросту, хворых і церпячых парафіяльны Дзень хворых.

Па традыцыі святыня ў гэты дзень была напоўнена вернікамі пажылога ўзросту, якіх прывезлі туды спецыяльна замоўленыя аўтобусы або звычайныя людзі, валанцёры.

Чалавек у цярпенні не самотны

Арганізатары клапаціліся аб тым, каб як мага больш людзей, якіх закранула рознага роду цярпенне, сабралася ў святыні – найперш для таго, каб зразумець, што ў гэтым цярпенні яны не самотныя, што ёсць шмат такіх людзей, якія кожны дзень нясуць крыж хваробы, а таксама каб адчуць лучнасць з Касцёлам і са сваёй парафіяльнай супольнасцю, якую ўтвараюць здаровыя і хворыя, маладыя і пажылыя.

Як адзначаюць некаторыя хворыя, для іх гэта адна з нешматлікіх нагодаў, каб на працягу года сустрэцца на малітве ў касцёле. Кожную нядзелю няшмат з іх удзельнічае ў Эўхарыстыі з-за старасці, хвароб і адсутнасці сіл.

Для пажылых людзей гэта сапраўднае свята, бо тады ўся ўвага звернута да іх, яны з’яўляюцца гаспадарамі гэтай падзеі. Святары і манахіні, якія служаць у парафіі, стараюцца загадзя і як найлепш падрыхтаваць гэты дзень.

dzen chworych 8

Перад набажэнствам у парафіяльнай канцылярыі прымалі медыкі з бальніцы ў Сапоцкіне, якія давалі кансультацыі і падтрымлівалі хворых парадамі. У іх можна было атрымаць патрэбныя лекі, а часта і неабходныя ўколы.

Святары імкнуліся як мага лепш падрыхтаваць вернікаў да Эўхарыстыі, таму спавядалі ў канфесіянале, каб кожны мог паяднацца з Богам. Вернікі маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам: спявалі эўхарыстычныя песні, прамаўлялі Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Гэтая супольная малітва хворых і пажылых людзей сапраўды была вельмі добрай. Шмат людзей маліліся ў адной інтэнцыі: каб Бог, які дае ўсялякае дабро, адарыў іх здароўем і сіламі, патрэбнымі для штодзённага нясення крыжа.

Церпячы чалавек спрыяе ўзрастанню святасці

Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх закранутых хваробай, калецтвам, цярпеннем з-за пажылога ўзросту, хто належыць да парафіі ў Сапоцкіне, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заклікаў да супольнай малітвы таксама ў інтэнцыі ўсёй службы аховы здароўя, якая кожны дзень ратуе жыццё людзей і клапоціцца аб тым, каб грамадства было здаровым.

dzen chworych 11

“Гэта вельмі прыгожае і высакароднае пакліканне – дапамагаць хворым у іх цярпеннях. Яно ўпісваецца ў сутнасць місіі Касцёла, які заўсёды з вялікай любоўю і клопатам выходзіць насустрач церпячым, самотным, вылючаным”, - адзначыў у гаміліі іерарх, кажучы аб службе аховы здароўя.

Па словах біскупа, хвароба – вялікі выклік для чалавека. “Хворы, закрануты фізічным цярпеннем, той, хто ўсведамляе свае абмежаванні і залежнасць ад іншых, можа часам трапіць у роспач, страціць сэнс жыцця, паддацца сумненню ў Божай любові і Провідзе”, - дадаў іерарх.

Біскуп заўважыў, што “цярпенне можна зразумець толькі і выключна ў святле Божай любові, якая з’яўляецца канчатковым сэнсам усяго, што існуе ў гэтым свеце”. Гродзенскі ардынарый патлумачыў, што цярпенне – шлях, які вядзе да збаўлення, да паўнаты жыцця і шчасця, а каб гэта сталася, чалавек павінен перажываць цярпенне з верай.

“Хрысціянская вера, якая паказвае, якую вялікую вартасць у Божых вачах мае цярпенне, дае сілы і суцяшэнне мільёнам хворых ва ўсім свеце, дазваляе ім перажываць свае фізічныя і духоўныя хваробы з годнасцю і любоўю, улівае ў іх сэрцы надзею”, - сказаў біскуп.

Іерарх дадаў, што тыя, хто ахвяруе свае цярпенні ў інтэнцыях Касцёла і свету, “памнажаюць нябачнае духоўнае дабро, выпрошваюць шчодрыя Божыя ласкі і дары, спрыяюць узрастанню і памнажэнню святасці ў супольнасці Касцёла”.

Таксама біскуп падзякаваў усім, хто ахвяруе свае штодзённыя цярпенні за Касцёл на Гродзеншчыне, за іерархаў і святароў, за кансэкраваных асобаў, за няверуючых людзей, за тых, хто адышоў ад веры, за ворагаў Касцёла.

“Сёння хачу падзякаваць вам усім, абцяжараным крыжам хваробы, за той вялікі, цудоўны дар, якім з’яўляюцца для Касцёла вашы цярпенні”, - заключыў іерарх.

Хвораму чалавеку патрэбна наша падтрымка

Падчас Эўхарыстыі быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых, у якім Дух Святы нясе глыбокі супакой, згоду з цярпеннем, дапамагае ў хрысціянскай сталасці паглядзець на сітуацыю, прыняць яе і змірыцца з ёю, аддаючы яе міласэрнаму Богу.

Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч даверыў хворых і церпячых Панне Марыі, якая стаіць пад крыжам Хрыста, удзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам і асвяціў лекі, якія прынеслі вернікі.

dzen chworych 13

Пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі выказаў удзячнасць усім тым, хто паспрыяў падрыхтоўцы гэтага вялікага свята для хворых. Асаблівым чынам святар падзякаваў законным сёстрам, якія служаць у парафіі і нясуць падтрымку хворым, рэгулярна наведваючы іх і аказваючы патрэбную дапамогу.

Пробашч нагадаў, што ў свята ўключыліся таксама вучні сярэдняй школы ў Сапоцкіне, якія спецыяльна з нагоды Дня хворых падрыхтавалі паштоўкі з напісанымі на іх словамі падтрымкі хворым людзям.

Парафіяльны Дзень хворых, які ўпісаўся ў каляндар сапоцкінскай парафіі, стаў асаблівай і выключнай нагодай, каб звярнуць увагу ўсіх вернікаў на сітуацыю хворых людзей, бо ім патрэбна духоўная падтрымка, малітва, спачуванне, павага, братэрская блізкасць, а таксама апека.

Ёсць надзея, што ў нашым грамадстве не будзе такіх людзей, чые сэрцы будуць закрытыя на іншага чалавека, асабліва на таго, які з прычыны калецтва, хваробы, самотнасці мае патрэбу часам у звычайным жэсце чалавечай дабрыні і ўвагі.

Кс. Юрый Марціновіч